"Баварыя" адпомсціла БАТЭ за паражэнне ў Мінску (фота, відэа)

Нагадаем, 2 кастрычніка на мінскім стадыёне "Дынама" БАТЭ сенсацыйна выйграў у нямецкага клуба — 3:1.

Каманды выйшлі на поле ў наступных складах. "Баварыя": Ноер, Рафін'я, Ван Буйтэн, Баатэнг, Кантэнта, Швайнштайгер (капітан), Цімашчук, Шачыры, Крос, Мюлер, Гомес. БАТЭ: Гарбуноў, Бардачоў, Радзькоў (капітан), Філіпенка, Палякоў, Аляхновіч, Валадзько, Канцавы, Глеб, Бага, Радзівонаў.

"Баварыя" валодала ініцыятывай на працягу ўсяго матча, але было заўважна, што не гуляла ў поўную моц. У першым тайме запомніўся ўдар Арцёма Канцавога на 11-й хвіліне, але Ноер спакойна ўзяў мяч, які ляцеў у браму. На 22-й Марыё Гомес адкрывае лік пасля прастрэлу Шачыры, які на левым фланзе абыграў Дзяніса Палякова.

Ад 51-й хвіліны БАТЭ гуляў у большасці — за жорсткую атаку Канцавога быў выдалены з поля Баатэнг. Але ўжо на 54-й хвіліне Томас Мюлер забіў другі гол у браму Андрэя Гарбунова. Трэці мяч на рахунку Шачыры, які на 66-й хвіліне ва ўпор галавой "расстраляў" Гарбунова. На 69-й выдалілі Дзяніса Палякова — ён атрымаў жоўтую картку за сімуляцыю, калі ўпаў у штрафной "Баварыі", а паколькі была ў яго "жоўтая" ў першым тайме, то гулец БАТЭ пабачыў перад сабой чырвоную картку.

На 83-й Алаба трапным ударам здавалася завяршыў разгром — 4:0. Але Ягор Філіпенка на 89-й здолеў забіць гол прэстыжу.

Рэнан Брэсан згуляў свой апошні матч за БАТЭ, у другім тайме ён замяніў Канцавога. Віктар Ганчарэнка даў магчымасць пагуляць і Раману Васілюку, які на 67-й замяніў Віталя Радзівонава.

Ад 72-й замест Швайнштайгера на поле выйшаў Рыберы.

У іншым матчы нашай групы іспанская "Валенсія" ў Францыі перамагла "Ліль" з лікам 1:0. Такім чынам, "Баварыя" і "Валенсія" набралі па 13 ачкоў, але першае месца за нямецкім клубам (лепшая розніца забітых-прапушчаных мячоў, перамога і нічыя ў матчах з "Валенсіяй"), у БАТЭ — 6, у "Ліля" — 3.

У наступным годзе БАТЭ згуляе ў 1/16 фінала Лігі Еўропы.



Фота — fcbayern.telekom.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі