Беларусь-ЕС: санкцыі ў адказ на санкцыі і на адмову ад санкцый

120216 Eurafokus.mp3

Праз тыдзень Еўропа вернецца да беларускага пытання. Не выключана, што неўязных у ЕС беларускіх чыноўнікаў стане больш. А што будзе, калі еўрапейскія міністры нечакана вырашаць... адмяніць усе санкцыі супраць нашай краіны?


Вадзім Гігін, галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка”, упэўнены: менавіта такім рашэнне і павінна быць 27 лютага. Вось толькі палітычнага землятрусу яно ў Беларусі не выкліча. І не народзіць давер паміж Брусэлем і афіцыйным Мінскам.


Вадзім Гігін: “Я ўпэўнены, што палітычныя эліты сучаснай Беларусі і Захаду на 100% не будуць адзін аднаму давяраць. Добра разумеем, што галоўная мэта і “еэсаўскіх” сталіц, і ЗША — зрынуць Аляксандра Лукашэнку, цалкам дэмантаваць палітычную сістэму, адарваць ад Расіі. У Мінску гэта разумеюць, у ЕС разумеюць, і разуменне гэтай галоўнай мэты заходняй палітыкі не спрыяе паўнавартаснаму супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі”.


І нават палітвязняў у якасці кроку ў адказ беларускія ўлады не вызваляць!


Вадзім Гігін: “Я не ведаю, каго вы маеце на ўвазе, але магу здагадвацца — я ж чытаю некаторую інфармацыю. Але гэта пытанне не звязана наўпрост з адносінамі паміж Беларуссю і ЕС. Ёсць канстытуцыйны і прававы працэс у нашай краіне. Каб вызваліць гэтых людзей, трэба адпавядаць гэтаму праву. Ніхто не будзе парушаць закон дзеля нейкіх там адносінаў з Еўрасаюзам”.


Ну, магчыма, пасля адмены санкцый еўрапейскім экспертам дазволяць паўдзельнічаць у анансаванай палітычнай мадэрнізацыі Беларусі. Ну, і нешта яшчэ па дробязях магчыма ў адказ. Але не больш за тое.


Яшчэ адзін “візавы скептык” Юрый Чавусаў, наадварот, лічыць, што вынікам адмовы ад санкцый могуць стаць значныя змены.


Юрый Чавусаў: “Гэта будзе азначаць, што паміж Еўрасаюзам і беларускім бокам дасягнутыя нейкія пагадненні наконт значных, прынцыповых саступак. Будуць выпушчаныя палітвязні і будуць нейкія іншыя захады, скіраваныя на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека”.


Чавусаў сцвярджае, што пэўныя таемныя перамовы паміж Мінскам і Брусэлем ідуць. Выніку толькі ад іх не відаць.


Палітолаг Алесь Лагвінец кажа, што на другі дзень пасля адмены санкцый палітвязняў не выпусцяць — Мінск вытрымае паўзу. І нейкіх значных зрухаў ён не чакае. Яго ж калега Раман Якаўлеўскі ўвогуле адмаўляе магчымасць адмены санкцый і таму разважаць пра вынікі такога кроку не жадае.


Іншая рэч — як могуць развівацца падзеі, калі санкцыі будуць пашыраныя. У гэтым выпадку, лічыць Лагвінец, улады могуць ускладніць жыццё еўрапейскім амбасадарам.


Алесь Лагвінец: “Прычапіцца да амбасадаў, зрабіць так, каб ускладніць жыццё дыпламатаў. І для “ўнутранага спажывання” могуць сказаць, што павялічылі спіс неўязных еўрапейцаў”.


А больш адказаць беларускія ўлады Еўропе нічым не могуць, — падтрымлівае Раман Якаўлеўскі. І дадае, што, па вялікім рахунку, афіцыйнаму Мінску гэтыя візавыя санкцыі абыякавыя.


Юры Чавусаў настроены больш песімістычна.


Юры Чавусаў: “Будзе нейкая эскалацыя рэпрэсій, новыя абмежаванні правоў чалавека, новы пераслед палітычны”.


А Вадзім Гігін раіць уладам падумаць пра тое, каб забараніць апазіцыянерам выезд за мяжу.


Вадзім Гігін: “Стварыць спіс невыязных з тых грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на ўзроўні "еэсаўскіх" структур? Магчыма, гэта слушная прапанова, бо гэтыя людзі залежаць ад сваіх выездаў у еўрапейскія краіны, дзе яны атрымоўваюць фінансаванне”.


Такім чынам, што б ні вырашылі еўрачыноўнікі 27 лютага, ад гэтага мала што зменіцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі