Футбалісты зборнай Беларусі прайгралі Іспаніі — 0:4 (фота, відэа)
Каманда Георгія Кандрацьева саступіла чэмпіёнам свету і Еўропы ва ўсіх кампанентах гульні.
12 кастрычніка на мінскім стадыёне "Дынама" прайшоў адборачны матч чэмпіянату свету 2014 года. Стадыён быў амаль цалкам запоўнены, на ім прысутнічалі каля 30 тысяч гледачоў.
Стартавыя склады каманд:
Беларусь: Верамко (к) — Шытаў, Філіпенка, Мартыновіч, Пласконны, Бардачоў — Глеб, Драгун, Цігараў, Валадзько — Радзівонаў.
Іспанія: Касільяс (к) — Альба, Рамас, Арбелоа — Хабі Алонса, Бускец, Касорла, Хаві, Давід Сільва — Фабрегас, Педра.
На 46-й Кісляк замяніў Валадзько, 56-й Ін'еста выйшаў на поле замест Давіда Сільвы, на 64-й Брэсан замяніў Радзівонава, на 69-й Альбіёль замяніў Рамаса, на 76-й Вілья выйшаў замест Хаві, на 80-й Чухлей замяніў Драгуна.
На 12-й хвіліне Альба адкрыў лік у матчы (верагодна са становішча "па-за гульнёй"), на 20-й вызначыўся Педра Радрыгес. Толькі пасля гэтага беларусы нанеслі першы ўдар па браме саперніка, але Радзівонаў перайграць Касільяса не змог.
У другім тайме Педра Радрыгес забіў яшчэ 2 галы (на 68-й і 73-й хвілінах). Шмат добрых момантаў госці, на шчасце, не рэалізавалі.
У яшчэ адным сённяшнім матчы зборныя Фінляндыі і Грузіі згулялі ўнічыю 1:1.