Урадавая дэлегацыя Беларусі зноў праігнаравала Усходняе Партнёрства
Гэтым разам ніхто з айчынных чыноўнікаў не прыехаў у Страсбург на паседжанне “Садзейнічанне судовай рэформе ў краінах Усходняга Партнёрства”.
На рабочай сустрэчы па тэме “Прафесіяналізацыя судовай сістэмы” ад нашай краіны прысутнічала толькі праваабаронца Алена Танкачова. Дык што ж, нашым суддзям прафесіяналізму не бракуе?
Алена Танкачова: “Наколькі я ведаю ад арганізатараў, запрашэнні беларускаму боку былі накіраваныя, але быў атрыманы афіцыйны адказ ад палітычных структур, прадстаўнікоў МЗС, што пакуль не будуць знятыя санкцыі для беларускіх чыноўнікаў, для ўдзелу ў падобных сустрэчах людзі не будуць накіроўвацца. Ад Беларусі я прысутнічаю адна, што ставіць мяне ў вельмі адказнае становішча. Я буду рабіць даклад, але відавочна, што даклад павінны рабіць прадстаўнікі саміх інстытутаў. Роля прадстаўнікоў грамадзянскага сектара – выступаць з дапаўненнямі і крытыкай. А я павінна буду быць дакладчыкам і падзяліцца ўяўленнямі, як гэта магло б развівацца”.
Між тым, запрашэнне афіцыйнаму Беларускаму боку было накіраванае. Але арганізатары паседжання атрымалі адказ: пакуль прозвішчы беларускіх чыноўнікаў не будуць выкрэсленыя з чорных спісаў, ніхто ад нашай краіны на падобныя сустрэчы не прыедзе. А вось прадстаўнікі Міністэрстваў Юстыцыі ўсіх іншых краін Усходняга Партнёрства, а таксама эксперты па перападрыхтоўцы судовых кадраў ад Савету Еўропы сустрэчу не праігнаравалі. Хаця нават улады Беларусі прызнаюць, што пытанне прафесійнасці судоў для нас актуальнае.
Алена Танкачова: “10 кастрычніка ў Беларусі выйшаў указ пра меры ўдасканалення судовай сістэмы. Адно з палажэнняў гэтага ўказа акурат і гаворыць пра неабходнасць вывучэння мэтазгоднасці стварэння ў Рэспубліцы Беларусь Акадэміі юстыцыі. Фактычна, фармат акадэміі юстыцыі, такой як яна існуе ў еўрапейскіх краінах, і з’яўляецца прадметам абмеркавання на гэтай сустрэчы. Вельмі шкада, што Рэспубліка Беларусь не бачыць неабходнасці ў падтрыманні прамых прафесійных кантактаў на еўрапейскім узроўні з краінамі-суседзямі”.
Тым часам тэма былой прэм’еркі Украіны Юліі Цімашэнка, якая атрымала прысуд у 7 гадоў зняволення, на паседжанні гучыць.
Алена Танкачова: “З маіх размоваў з прадстаўнікамі украінскай дэлегацыі, яны самі сур’ёзна занепакоеныя гэтым судовым рашэннем. Яны лічаць гэта трывожным сігналам таго, што судовую сістэму хочуць зрабіць карным інструментам для палітычных апанентаў улады. Тут якраз размова вядзецца пра тое, як праз падрыхтоўку і перападрыхтоўку кадраў рэалізаваць моманты, каб судовая ўлада адчувала сябе ўладай, а не інструментам палітычнай барацьбы”.
Такім чынам, пакуль Беларусь губляе магчымасць пераймаць досвед Еўрасаюзу ў судовай сістэме, прэзідэнт нашай краіны зацвярджае Пасланне аб перспектывах развіцця сістэмы агульных судоў, у якім змяшчае канкрэтныя даручэнні па многіх напрамках дзейнасці судоў. Пры гэтым праваабаронцы лічаць такую сістэму даручэнняў, мякка кажучы, сумнеўнай.