Беларускі гурок за 27 ці іспанскую хурму за 24 тысячы?

111129 Rugajn Koshty.mp3

Айчынныя агуркі каштуюць 27 500, а егіпецкія гранаты — 24 270, галандскія грушы — 14 280, іспанская хурма — 24 410 рублёў за кілаграм.


Еўрарадыё пацікавілася ў пастаўшчыкоў імпартнай садавіны і гародніны, ці гэта нармальна.


"Цяпліцы вельмі дорага. Энергаёмістая вытворчасць і клімат не такі спрыяльны. Тэхналогіі лепш за нашыя, ураджайнасць большая, гатункі лепшыя, тэхніка лепшая за нашу, ну і клімат лепшы", — распавядаюць у фірме "Лемінвест".


Яшчэ адзін фактар — дзяржаўныя вытворцы садавіны і гародніны закладаюць вялікую нацэнку на сваю прадукцыю. Тут таксама ёсць прычыны: не сезон ды адсутнасць умоваў захоўвання.


"Зараз не сезон на агуркі і памідоры беларускія. Думаю, там маржа закладзеная працэнтаў 200 на ўсялякі выпадак. Па-першае, усе ўгнаенні імпартныя. У мінус яны працаваць не будуць, таму вымушаныя па такіх коштах прадаваць. Культура вырошчвання ў Галандыі і Іспаніі фармавалася дзесяцігоддзямі. Ну ў той жа Іспаніі гэта адкрыты грунт — у нас цяпліцы", — тлумачаць Еўрарадыё ў кампаніі "Фрутпрод".


Беларускія агуркі, напэўна, адзін з самых дарагіх прадуктаў з садавіны і гародніны. Даражэй — хіба, толькі авакада і грэйпфрут.


Агуркі і памідоры цяпер вырошчвае толькі Мінская гароднінная фабрыка. Нават "ДарОРС" не дазваляе сабе такога, бо вельмі дорага.


"Для нас гэта вельмі дорага. Дасветка вельмі дарагая. Увосень прадукцыю трэба дасвечваць 18 гадзінаў. Гэта мільярды трэба плаціць за святло. А дзе грошы браць? У нас іх няма, у іх, напэўна, ёсць. Гэта не выгадна, але патрэбна. Таму нехта павінен гэтым займацца, вось яны і займаюцца. Танней няма сэнсу расціць. Кошт на газ высокі, на электрычнасць, на ўгнаенні, яны працуюць на імпартных. Ніхто не будзе танней працаваць", — тлумачыць прычыны такіх коштаў на агуркі дырэктар цяплічнай гаспадаркі.


Дарэчы, тая ж гісторыя з беларускімі яблыкамі. Падавалася б, яны павінны каштаваць нашмат танней за польскія і яшчэ танней за галандскія грушы. Але яны танней усяго толькі на пару тысяч: 11 070 рублёў за кілаграм беларускіх, 12 940 рублёў — за кіло польскіх. Грушы з Нідэрландаў каштуюць толькі 14 280 рублёў.


"У нашых крамах кошт 8-9 тысяч. Я кажу пра нашы фірмовыя крамы, — гаворыць Павел Цапін, дырэктар сховішча для садавіны "Александрыйскае". — У нас жа бяруць яшчэ камерцыйныя арганізацыі. Яны могуць вышэйшы кошт ставіць".



Але калі мінулыя гады можна было казаць пра высокі кошт на яблыкі з-за стратаў па захоўванні, то сёлета стратаў амаль няма. Можа лепей тады вырошчваць яблыкі замест агуркоў?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі