"Газета Выборча": Беларускі КДБ засыпаў польскія СМІ фальшыўкамі
Сфабрыкаваныя дакументы мусяць скампраметаваць сям’ю журналіста Анджэя Пачобута і аднаго з работнікаў польскага кансуляту ў Гродне.
Беларускія спецслужбы рассылаюць у польскія СМІ падробленыя дакументы, якія дыскрэдытуюць польскую дыпмісію ў Беларусі. Сёлета гэта ўжо другая спроба дэзінфармаваць грамадскую думку, паведамляе Газета Выборча.
У сакавіку такім чынам польскі бок абвінавачвалі ў выдзяленні грошай на апазіцыйныя акцыі пратэсту ў Беларусі. Цяпер жа псеўдадыпламатычныя дакументы дыскрэдытуюць сям’ю гродзенскага журналіста "Газеты Выборчай" Анджэя Пачобута, а таксама аднаго з супрацоўнікаў гродзенскага консульства.
Механізм падману звонку выглядае даволі верагодна. Фальшыўкі робяцца на паперы з афіцыйнымі пячаткамі і надрукоўкамі польскіх дыппрадстаўніцтваў. Іх далучаюць да пакету з копіямі сапраўдных дакументаў — фінансавых справаздачаў польскай амбасады ў Мінску, старых анкет на атрыманне візы, матэрыялаў на тэму стыпендыйных праграм для беларускіх палякаў і трэнінгу “Салідарнасці” у Мінску.
“Гэта чарговы ўкід беларускіх спецслужбаў. У сакавіку мы ўжо перадалі гэтыя матэрыялы ў Агенцтва Унутранай Бяспекі. Нас вельмі непакоіць, што да фальшывых дакументаў далучаюць копіі сапраўдных”, — паведаміў прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Басацкі. Паводле крыніц Газеты Выборчай, матэрыялы або былі скрадзеныя з дыппрадстаўніцтваў перад іх знішчэннем, або беларускі спецслужбы ўзламалі электронныя паштовыя скрынкі амбасады.
Калі ў студзені гэтага году міліцыянты і супрацоўнікі КДБ уварваліся ў памяшканне, дзе палілі старыя дакументы з польскага консульства ў Брэсце. Супрацоўнікаў консульства абвінавацілі ў тым, што яны не маюць дазволу на паленне паперы, і забруджваюць навакольнае асяроддзе. “Невыключана, што кадэбісты забралі тады частку матэрыялаў”, — паведаміў Выборчай польскі дыпламат, які пажадаў застацца ананімным. Ганна Новакоўска, генеральны консул Польшчы ў Брэсце, пацвердзіла, што такі інцыдэнт сапраўды адбыўся, але асобы, якія былі на месцы здарэння, кажуць, што беларускія праваахоўнікі не здолелі забраць дакументы.
У той жа час, брэсцкае консульства не мела доступу да фінансавай справаздачы польскай амбасады ў Мінску, якую польскі бок лічыць таксама крыху сфальшаванай. Акрамя выдаткаў на ежу і канцтавары, у ім прысутнічаюць высокія рахункі з абедаў і вячэраў з дзеячамі польскіх арганізацый, з якімі змагаецца рэжым Лукашэнкі, піша "Выборча". Да гэтага дакументу таксама далучылі ананімны ліст на тэму таго, што польскія дыпламаты “разбазарваюць грошы”.
"Польшча — гэта галоўны вораг Беларусі. Беларуская выведка ў нас актыўна дзейнічае, асабліва супраць апазіцыянераў, якія знайшлі ў нас прытулак. Кампрамітацыя эміграцыі і апазіцыі ў краіне — гэта галоўная мэта КДБ" — сказаў у каментары "Газеце Выборчай" афіцэр польскага Агенцтва Унутранай Бяспекі (АУБ).
Беларускія спецслужбы спрабуюць вербаваць у Польшчы супрацоўнікаў розных службаў. Па гэтай справе ў лютым 2008 года ў Беластоку затрымалі афіцэра АУБ. У 2009 годзе журналісты Газеты Выборчай (сярод іншых Анджэй Пачобут) высветлілі, што КДБ атрымала з Польшчы дадзеныя пра тысячы дробных гандляроў, якія, купляючы польскія тавары, атрымалі зварот падатку. Гэтыя матэрыялы былі выкарыстаныя беларускім бокам, каб шантажаваць гандляроў грашовымі карамі. Газета Выборча мяркуе, што такім чынам КДБ магло вербаваць агентаў.