Беларускі хор перамог у конкурсе у швейцарскім Нэўшатэлі
Студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прывезлі на Радзіму тры ўзнагароды і запрашэнні на іншыя музычныя форумы.
Студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з поспехам выступіў на XIV міжнародным харавым фестывалі ў швейцарскім горадзе Нэўшатэль. Беларускія спевакі на чале з загадчыцай кафедры харавога дырыжыравання і кіраўніком хору Інэсай Бадзяка сталі ўладальнікамі трох конкурсных узнагарод – першай прэміі ў катэгорыі “змешаныя хоры, вакальныя ансамблі”, прызу глядацкіх сімпатый і адмысловага прызу журы конкурсу за лепшую інтэрпрэтацыю абавязковага твора ў дзённай праграме “The Sweet Music” Эдварда Эльгара. На суд журы ўдзельнікі, сярод якіх былі калектывы з Венгрыі, Фінляндыі, Чэхіі, Грэцыі, Расіі, Польшчы, Украіны, мусілі прадставіць 3 праграмы. Першая з іх тычылася музыкі рэнесанснага перыяду. Другая павінна была ўтрымліваць рамантычны твор, твор сучаснага кампазітара, напісаны пасля 2000-га года, абавязковы “The Sweet Music” Эдварда Эльгара i твор на уласны выбар. Трэцяя – канцэртная праграма для публікі, якая ўключала нацыянальныя творы і кампазіцыі па выбары. У выніку беларускі хор скарыў журы і гледачоў не толькі высокапрафесійным выканальніцкім, але і артыстычным майстэрствам.
“Мая задума была — максімальна захапіць, паказаць шоў, — распавядае Інэса Бадзяка. — То бок, разнастаіць успрыняцце акадэмічнай музыкі, якая выклікае заўсёды слухацкі штамп: харавое гучанне – акадэмічнае гучанне – нецікавае гучанне – статычнае гучанне”.
Так, харавыя акадэмічныя творы ў выкананні хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ператварыліся ў тэатральнае дзейства. Напрыклад, “Dies irae” сучаснага ўкраінскага кампазітара Міхаіла Шуха з эпiграфам з “Боскай камедыі” Дантэ ў інтэрпрэтацыі беларусаў, уразiла журы і гледачоў “да слёз і болю ў страўніку”. А гарадская прэса напісала, “што надоўга ў памяці застануцца шэпт і крык, гаворка і музычная выразнасць выканання аднаго з лепшых сучасных літургічных твораў”. Апроч гэтага, у “Лібертанга” П’яцолы – з’явіліся рухі танга, у беларускіх народных “Туманах” – карагоды з хусткамі, а ў жартоўных хорах Краўчанкi выканаўцы лавiлi камароў.
Беларускі хор скарыў музычных знаўцаў арыгінальным рашэннем твораў і атрымаў шматлікія запрашэнні на іншыя музычныя форумы. Студэнты і спадарыня Інэса выказваюць падзяку Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў асобе рэктара Кацярыны Дулавай, дзякуючы падтрымцы якой паездка на конкурс у Швейцарыю стала магчымай.
На біс хор выконваў мініяцюру пра швейцарскі шакалад балгарскага кампазітара В. Найдзёнавай. Аднойчы падчас чарговага выканання п’есы музыкі атрымалі карзіну швейцарскага шакаладу ад аўтара.