Беларускіх дыгераў ловяць і адпускаюць

120116 Martin Digery.mp3

“Мы сядзелі дома і елі ірыскі, які набыў мой сябра. Потым палезлі ва ўручскі калектар. Пахадзілі там, потым спусціліся ўніз. Зверху галасы: “Хутка наверх. А то страляем без папярэджання!” Глядзім – людзі з аўтаматамі, маскі-шоў. Нас запіхалі ў машыну, адвезлі ў аддзяленне”, - распавядае Еўрарадыё дыгер Alex.

Але хлопцаў затрымалі не з-за дыгерства. А таму, што ў іх былі…. ірыскі!

“Высветлілася, што цётка выклікала міліцыю. Недалёка ад таго месца, дзе былі мы, яе абрабавалі і скралі торбу. Там былі грошы і ірыскі. Міліцыя, калі знайшла ў нас такія ж ірыскі, хацелі павесіць на нас гэтую справу. Але потым усё высветлілі”.


Дыгеры з Масквы, якіх у Мінску 1 студзеня затрымала міліцыя, кажуць Еўрарадыё, што прыехалі ў Мінск проста пагуляць. Але яны прызнаюцца, што мелі з сабой два альпінісцкія карабіны і налобныя ліхтарыкі. І сустракаліся… з мінскімі дыгерамі.

“Мы сустрэліся з мясцовымі, пагутарылі, разышліся. Здаецца, усё нармальна.

Еўрарадыё: Гэтыя мясцовыя — гэта дыгеры?


“Як я лічу — гэта былі яны. Тэму падземкі мы не чапалі, так, паразмаўлялі на агульначалавечыя тэмы”.


Мінскія ж дыгеры кажуць, што масквічы маглі “спаліцца” самі.

“Шуміха была праз тое, што яны дэбашырылі на вакзале. А потым у іх знайшлі адмысловае абсталяванне. Мінскія дыгеры прымаюць гасцей. Але ёсць негалоснае правіла, моцна не выпедрывацца. Маўляў, я залез у дом насупраць КДБ”, - прыгадвае леташні выпадак Alex.

Тады, нагадаем, руферы з Расіі выклалі ў ЖЖ фоткі забароненых аб’ектаў у Мінску. Чым зачынілі туды доступ для беларускіх руфераў і дыгераў, скардзіцца Alex. Пасля гэтага візіту, выхад да вежы насупраць КДБ, дзе начавалі руферы, зачынілі, павесілі замок на другія дзверы.

Як праверыла Еўрарадыё, цяпер замок вісіць і на першых дзвярах, яшчэ больш надзейны.

Адзін з самых цікавых аб’ектаў для дыгераў: калектар на Нямізе.  Ісці ад пачатку да канца больш за 40 хвілін. А вось у сталічнае метро амаль не трапіць, гаворыць Alex.

“Трапіць на будоўлю ў метро прасцей, чым у дзеючае. Можна патрапіць на добрага вартаўніка. Які сам праводзіць. Трапіць на будоўлю ў метро прасцей, чым у дзеючае. Можна патрапіць на добрага вартаўніка. Які сам праводзіць. Аднойчы мы стаялі каля замкнёнай шахты метро “Спартыўная”. Паштурхалі дзверы – зачынена. Давялося сысці. Там спрацаваў сігнал – прыйшла міліцыя. Нас адвялі ў аддзяленне”.


Дыгер з Віцебску Zaza, кажа, што масквічы затрыманыя ў Мінску, у Новы год маглі спаліцца самі. Але і не выключае, што гасцей-дыгераў маглі “здаць” беларускія калегі.

“Ёсць розныя аб’екты. Ёсць, дзе вартаўнікі, з якімі можна дамовіцца. Нядаўна хадзілі на закінуты аэрадром “Журжы”. Спыталі ў вартаўніка, можна пагуляць, бо на гэтым аэрадроме служыў хлопец, які быў з намі. Вартаўнік пусціў”.


З міліцыяй з-за дыгерства ў Zazы праблем не было.

Аляксей з Мінску дыгерствам займаўся два гады таму. Тады, прызнаецца, праблемы з міліцыяй былі. Але ўсё вырашалася на месцы.

“Былі праблемы, але ўсё вырашалася на вуліцы, літаральна за некалькі хвілін”, - распавядае Аляксей . Але сказаць, чаму затрымалі маскоўскіх дыгераў, не можа.

Нагадаем, 1 студзеня у Мінску затрымалі кампанію з 13 расіян. Беларуская міліцыя назвала іх дыгерамі з Масквы, якія, нібыта, хацелі падарожнічаць па падземных камунікацыях у сталіцы. Апошніх гасцей з Масквы адпусцілі 12 студзеня. Яны не могуць наведваць Беларусь цягам 5 год.

Пранікненне на стратэгічныя аб’екты, гавораць у міліцыі, - дробнае хуліганства. За гэта можна нават патрапіць на суткі. А калі аб’ект не ахоўваецца, то адказнасці няма.

Дыгеры — людзі, якія неафіцыйна даследуюць штучныя падземныя збудаванні.

Фота: ru.wikipedia.org, raskalov-vit.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі