Беларускія арнітолагі хочуць вярнуць салаўёў у сады і паркі
Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” распрацавала рэкамендацыі па завабліванні салаўёў.
Як паведаміў БелаПАН спецыяліст па экалагічнай адукацыі, сябра арганізацыі Руслан Шайкін, салаўі сваімі спевамі не толькі прыносяць асалоду, але і станоўча ўплываюць на здароўе людзей. На жаль, колькасць гэтых птушак у Еўропе скарачаецца ў сувязі з дзейнасцю чалавека. У Беларусі на сёння налічваецца каля 100 тысяч пар салаўёў.
Шайкін распавёў, што прасцей за ўсё завабіць салаўя на лецішча. На дачным участку птушка ахвотна саўе гняздо сярод кустоў маліны ці каліны, у ценю дрэваў.
У траўні “Ахова птушак Бацькаўшчыны” адкрые назіральныя пляцоўкі за салаўямі ў Батанічным садзе і ў Мінскім заапарку. Таксама арнітолагі гатовыя арганізаваць экскурсіі па салаўіных месцах беларускай сталіцы.