Беларускія медыя-актывісты ўдзельнічаюць у МедыяБарКэмпе ў Літве

Міжнародная "не-канферэнцыя" па пытаннях новых медыя і медыя актывізму МедыяБарКэмп праходзіць у Літве з 5 па 8 траўня. Асноўная яго мэта — стымуляванне развіцця новых медыяпраектаў у Беларусі, наладжванне ўзаемадзеяння ўжо існуючых праектаў і ўсталяванне новых кантактаў. Вось што распавёў пра гэтае мерапрыемства ў жывым эфіры Еўрарадыё прысутны там наш карэспандэнт Павел Свярдлоў:

“Сабралося каля 120 чалавек медыя-актывістаў, я так разумею, ад Украіны да Злучаных Штатаў Амерыкі. Неўзабаве пачнуцца прэзентацыі, людзі адзін аднаму будуць распавядаць пра свае праекты, пра свой досвед. Бо кожны мае ці інтэрнэт-сайт, ці прадстаўляюць радыястанцыі, ці нешта іншае, што даводзіць думкі да слухачоў пра акцыі, перформансы і ўсё астатняе”.



Увечары першага дня адбылася прэзентацыя Еўрарадыё, на якой быў аншлаг: мы атрымалі шмат практычных парад і рэкамендацый, а таксама водгукаў ад нашых слухачоў. Еўрарадыё было прапанавана магчымасць бясплатнага праслухоўвання для абанентаў правайдэра "Айчына". Украінскі інтэрнэт-дзеяч Дэвід падараваў Еўрарадыё безлімітную падпіску на папулярны сэрвіс SoundCloud, якая каштуе 500 еўра ў год. Гэта дазволіць выкладваць нам неабмежаваную колькасць нашых падкастаў з эфіраў на ўвесь свет, а таксама спампоўваць і каментаваць моманты любога эфіру, а мы даўно планавалі гэта пачаць. Публіка прыняла гэта авацыямі!

Заўтра пачнецца другі дзень: чакаецца серыя майстар-класаў, у тым ліку па стварэнні відэа-вірусаў і відэа для бізнэса, па адвокасі ў твітэры і Фэйсбуку, па бяспецы ў інтэрнэце, па інтэграваных медыях ды іншых тэмах. Сачыце за падзеямі на сайце Еўрарадыё і па хэштэгу #mediabarcamp у твітэры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі