Музыкі і мастакі распачынаюць "Добрую нядзелю"
Сродкі, сабраныя падчас першай імпрэзы, пойдуць на дапамогу мастачцы Стасі Майстрэнка.
18 сакавіка ў сталічным "Loft Cafe" адбудзецца дабрачынны unplugged-канцэрт “Добрая нядзеля”, падчас якога будуць збірацца сродкі на лячэнне беларускай мастачкі Стасі Майстрэнка. У імпрэзе возьмуць удзел гурты S°unduk, BosaeSonca, Руся і CherryVata crew, Паліна Рэспубліка.
Як распавёў Еўрарадыё ініцыятар “Добрай нядзелі” Алесь Кот-Зайцаў, задума, зладзіць такую вечарыну нарадзілася вельмі натуральным чынам.
“Бо мэта гэтага мерапрыемства, усё ж такі, не проста выказаць сваю салідарнасць і неабыякавасць. – тлумачыць Алесь. - Але і дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, якому патрэбная дапамога, у тым ліку, фінансавая”.
Арганізатары спадзяюцца, што “Добрая нядзеля” выклікае вялікі рэзананс у публікі, і шмат людзей адгукнецца на прапанову, падзяліцца часткай сваёй дабрыні і неабыякавасці. А ў будучым, цалкам верагодна, што ідэя “Добрай нядзелі” перарасце ў серыю дабрачынных канцэртаў.
“Калі сапраўды будзе патрэба, рабіць яшчэ нешта, то, вядома, мы не будзем адварочвацца, правёўшы адну акцыю. – распавядае Алесь Кот-Зайцаў. - Я спадзяюся, мы пабачым там шмат людзей, якія дапамогуць Стасі і адчуюць гэтую еднасць і тое што, у любым жыццёвым становішчы мы не ў самоце”.
Акрамя акцыі “Добрая нядзеля”, у падтрымку Стасі Майстрэнка пройдзе яшчэ адна дабрачынная выстава ў Акадэміі мастацтваў. 23-га сакавіка беларускія мастакі выставіць на продаж свае мастацкія творы, а атрыманыя сродкі пойдуць на дапамогу дзяўчыне.
Калі ў вас не атрымаецца трапіць на канцэрт "Добрай нядзелі", дапамагчы Стасі, можна пералічыўшы грашовае ахвяраванне.