Беларусы вучацца ў расійскіх універах: туды паступіць прасцей
У Расіі беларускія студэнты паступаюць на бюджэт, а пасля навучання ў іх няма размеркавання.
“Навошта браць двоечніка на настаўніка матэматыкі і адлічаць яго пасля другой сесіі? Няхай едуць у Расію, іх там таксама не будуць трымаць. У нас план прыёму ў ВНУ мусіць змяншацца. Штогод на 10-12 тысяч выпускнікоў становіцца менш”, — гавораць у Мінадукацыі, калі пытаю пра падвышэнне прахаднога бала на тэсціраванні ўдвая.
Чыноўнікі спадзяюцца, што абітурыенты, якія не набралі 15 балаў па тэхнічных навуках і 20 — па гуманітарных, пойдуць у тэхнікумы і вучэльні.
Але паводле рэпетытара Яўгена Лівянта, каму не пашанцуе — паедуць у Расію. І месцы ва ўніверах там не скарачаюць: “У нас на адным узроўні”, — кажуць Еўрарадыё ў Міністэрстве адукацыі і навукі Расіі.
Спрабуем падлічыць беларускіх студэнтаў з расійскіх ВНУ. У Бранскім дзяржаўным універсітэце — 122 беларускія студэнты. Абіраюць эканамічныя і педагагічныя спецыяльнасці:
“104 чалавекі вучацца на завочным аддзяленні і 18 чалавек — на дзённым. Да 2011 года іх колькасць павялічвалася”.
Палова студэнтаў-беларусаў з Бранскага дзяржаўнага ўнівера вучацца на бясплатным, бо беларусы маюць права паступаць у Расію на адных умовах з расіянамі: здаваць адзіны дзяржаўны экзамен і ўнутраныя ўніверсітэцкія іспыты.
У Смаленскім дзяржаўным універсітэце беларусаў больш за 200 чалавек. Вучацца нармальна, ацэньваюць у адміністрацыі ВНУ:
“З Беларусі ўсяго на дзённым 96 чалавек і 129 на завочным. На дзённым платным усяго 13 чалавек, астатнія на дзённым — бюджэтнікі”.
У Маскоўскім ўніверсітэце лесу налічваюць 11 чалавек з Беларусі. Прыкладна столькі нашых суайчыннікаў ва аўдыторыях гэтай ВНУ вучыцца з году ў год.
Студэнтка Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта Алеся Носікава нарадзілася ў Беларусі, але ўжо падумвае пра працу ў Расіі. Пяцікурсніца будзе настаўніцай геаграфіі і біялогіі.
“Паступала ў Бранск пасля дзевяці класаў, вучылася ў Суражскім педагагічным каледжы, а пасля ўжо пайшла ў Бранскі ўніверсітэт. Аднагрупнікі, сябры туды паступалі”, — тлумачыць Алеся. І гэта пры хранічным недаборы ў педагагічных універах Беларусі.
Але ў Расіі і паступіць прасцей, думае студэнтка Алеся:
“Знаёмыя вучацца ў Магілёўскім універсітэце, кажуць, што ў Беларусі паступіць складаней. Трэба больш балаў на тэсціраванні”.
Летась у беларускія ВНУ паступілі амаль 90 тысяч студэнтаў. А ў гэтым годзе ў Міністэрстве адукацыі прагназуюць скарачэнне на траціну.
Фота: lenta-ua.net