БДЭУ пра замежных студэнтаў: “Для нас важна, каб пісалі і гаварылі”

Умовы паступлення замежнікаў у ВНУ такія: вышэй за тройку ў атэстаце і руская мова.

“Гэта па пяцібальнай сістэме. Калі ў яго троечны атэстат — навошта яго сюды запрашаць. Праводзіцца сумоўе па трох профільных прадметах”, — расказваюць у БДУ.

Сёлета, па словах намесніка начальніка Упраўлення міжнародных сувязяў БДУ Валерыя Бобышава, у беларускія ВНУ і вучэльні ўзялі звыш 400 студэнтаў з Туркменістану.

Валерый Бобышаў: “Мэты, выключыць кагосьці з патэнцыйных студэнтаў не было. Але асноўнае — веданне рускай мовы. Калі ў чалавека ёсць атэстат, але не хапае ведаў па мове, прапануем падрыхтоўчае аддзяленне. Такіх студэнтаў сёлета было менш за 10%”.

Па звестках Еўрарадыё, у БДУ вучацца больш за 600 туркменаў, а гэта — чвэрць усіх замежных студэнтаў галоўнай ВНУ.

У Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт набіраюць 250 студэнтаў замежнікаў, паболела на 50 чалавек. І таксама найбольш глядзяць на веданне мовы.

“Для нас важна, каб пісалі і гаварылі. Другое, каб ведалі матэматыку. Летась адсеялі палову, а ў гэтым годзе — толькі 20%. Кітайцы, напрыклад, добра ведаюць матэматыку, але праблемы з мовай. А ў туркменаў — біч з матэматыкай”, — расказваюць у БДЭУ. На атэстат у БДЭУ асаблівай увагі не звяртаюць!

У БНТУ рады замежнікам з 4 баламі па школьным атэстаце. Столькі ж трэба атрымаць на сумоўі.

“Палова адсейваецца і ідзе на падрыхтоўчае аддзяленне — гэта туркмены. Кітайцы добра вучацца, але яны і паступаюць пасля падрыхтоўчага аддзялення. На падрыхтоўчым яны могуць заставацца на другі год, бо дрэнна засвойваюць рускую”, — расказваюць Еўрарадыё ў БНТУ.

За вучобу ў беларускіх ВНУ замежнікі плацяць больш за платнікаў беларусаў. У БДЭУ, для прыкладу, каля 3 тысяч долараў. Нашы студэнты за першы курс аддаюць 1200 долараў.

За інтэрнат замежнікі таксама плацяць удвая больш, але і засяліцца ў іх больш шанцаў.

Фота: tsogu.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі