Больш за 60 "закаханых" беларусаў паспрабавалі жыць "па-еўрапейску"

111201 Malina Kahaj.mp3

Культурніцкая ініцыятыва “Твой фэст” рыхтуецца падвесці вынікі конкурсу, які праводзіўся ў межах “Першага фэсту беларускай еўрапейскай лірычнай культуры “Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску!..” Конкурс быў распачаты амаль 2 месяцы таму, і па яго ўмовах, ўсім жадаючым прапаноўвалася прыдумаць слоган, лагатып, прынт, матыватар ці відэаролік, які б спрыяў самаідэнтыфікацыі беларусаў. Арганізатары прапанавалі адказаць на пытанні: што для вас еўрапейская беларускасць? Як выглядае еўрапейскі беларус? Якія сімвалы, выказванні, вобразы ў вас асацыююцца з каханнем па-беларуску?

Як распавяла Еўрарадыё аўтар ідэі “Твайго фэсту” Валярына Кустава, за гэты час было даслана 100 прац прыкладна ад 60-ці аўтараў. Абіраць пераможцаў будуць па трох намінацыях: слоган фестывалю, прынты (лагатыпы і тое, што пасля будзе надрукавана на кашулях), а таксама тэматычнае відэа. Зараз журы фэсту заканчвае сваю працу і абірае найлепшых з удзельнікаў. Пераможцы будуць абвешчаныя і ўзнагароджаныя ў другі дзень фэсту, 6-га снежня.

“Фестываль “Твой фэст” быў з’арыентаваны не толькі на моладзь, заангажаваную беларушчынай, – працягвае Валярына Кустава. - А таксама на тых людзей, якія не зусім абазнаныя, можа, у беларускай культуры. Вялікая праца праводзілася ў сацыяльных сетках і запрашаліся на гэты фэст і гэты праект людзі неабазнаныя”.


Акрамя конкурсу сярод маладых дызайнераў, “Твой фэст” праводзіў і конкурс сярод беларускамоўных музыкантаў. Журы абрала самыя цікавыя гурты і кампазіцыі, якія і выйдуць на сцэну падчас другога фестывальнага дня. Сярод іх Akute, Dzivasil, BosaeSonca, Князь Мышкін ды іншыя.

“Было даслана каля 70-ці заявак. Абраныя найлепшыя з іх, якіх можна будзе паслухаць 6-га снежня. А 5-га снежня будуць выступаць нашы “майстры”, якія без усялякіх заявак шлі: гэта і Віктар Шалкевіч, і Алесь Камоцкі, Андрэй Плясанаў, Таццяна Беланогая”.


Нагадаем, што акрамя праекту "Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску" ў межах ініцыятывы “Твой фэст” сёлета ў Крэве прайшлі “Літаратурныя дажынкі” ( з абвяшчэннем топ-10 самых ураджайных літаратараў года). Арганізатары не збіраюцца спыняцца на дасягнутым і рыхтуюцца да працягу ініцыятывы, але пакуль трымаюць свае планы ў сакрэце. Цалкам верагодна, што ў наступную серыю “Твайго фэсту” увойдзе фотасесія ў кашулях з прынтамі найлепшых прац, якія былі дасланыя на фэст.

Найлепшыя працы, неўзабаве можна будзе паглядзець на сайце праекта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі