Брэнд "Канцэрт на траве" ператвараецца ў серыю летніх оўпэн-эйраў
На бліжэйшых канцэртах сыграюць модныя беларускія гурты, а Вайцюшкевіч адзначыць сваё 40-годдзе.
Калі ў Мінску ў разгары так званы "мёртвы" канцэртны сезон, дык на хутары Шаблі, што ў Валожынскім раёне, у разгары сезон "Канцэртаў на траве". Трапную назву для летніх хутарскіх імпрэз прыдумала Ганна Вольская падчас падрыхтоўкі першага оўпэн-эйра, дзе выступілі Крамбамбуля і J:Морс. Па словах арганізатара Ўладзіміра Шаблінскага, цягам лета на тэрыторыі хутара адбудзецца яшчэ ні адзін канцэрт.
"Мы будзем выкарыстоўваць гэты брэнд і яго працягваць як мінімум у гэтым летнім сезоне, – распавядае Ўладзімір Шаблінскі. – Наступным канцэртам на траве будзе сольны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча 23-га ліпеня – дзесяцігоддзе WZ-Orkiestra і 40-годдзе Змітра Вайцюшкевіча. Як жартуе Дзіма – "па палціннічку!"
У самым бліжэйшым "Канцэрце на траве-2", які адбудзецца 16 ліпеня, возьмуць удзел гурты Akute, The Silicon, а хэдлайнерамі выступяць рэпер Vincent ды Ў нескладовае.
Магіляўчане Akute прыедуць у Шаблі ў поўным складзе і, магчыма, прывязуць з сабой сюпрыз.
Akute
Стас Мытнік: "Пакуль не буду нічога казаць, на тое яны і сюрпрызы, каб усё не раскрываць! Скажу толькі, што ў нас ужо дастаткова новага матэрыялу для новага альбома. Таму мы будзем нешта браць са старога матэрыялу, нешта з новага".
Калі вы не ведаеце, што такое музыка 60-х гадоў ў стылі сёрф, ці проста любіце музыку з фільмаў Таранціна – велкам на выступ сёрф-рок-завадатараў - каманды The Silicon.
The Silicon
"Мы плануем сыграць сваю праграму, а таксама нейкія вядомы каверы з фільмаў Квенціна Таранціна, каб парадаваць людзей! Мы іграем музыку сёрф-рок, якую ў прынцыпе ніхто ў Беларусі не грае. У нас манаполія на гэты кірунак!" – смяецца лідэр гурта Зміцер Паплаўскі.
Рэпер Vincent сыйграе песні альбома "Пачатак" у новай аранжыроўцы, а таксама выканае некалькі кавераў на заходнія хіты.
Vincent
Vincent: "Мы будзем прадстаўляць сваю асноўную праграму, якую зрабілі ў гэтым годзе. Яна складаецца са старых песень нашага першага альбома, якія сыграныя нанова ў жывым складзе – яны атрымалі новыя аранжыроўкі і новае гучанне. Таксама будзем граць новыя песні, якія ўвойдуць у новы альбом, які мы зараз рыхтуем, і які, я спадзяюся, выйдзе да канца гэтага года. І, магчыма, нават будуць некаторыя каверы на вядомыя заходнія гурты".
Што тычыцца хэдлайнераў імпрэзы – гурта Ў нескладовае, мульцівакальная каманда плануе прадставіць не толькі ўжо добравядомыя песні, але і новыя кампазіцыі. На жаль, не ўсе вакалісты гурта змогуць прыехаць на выступ. Плануецца, што на сцэне "Канцэрта на траве-2" з’явяцца Аляксандр Памідораў, Яўген Чалышаў, Вадзім Касалапаў.
Ў нескладовае
"А калі ў нас хопіць часу, можа быць. разам з намі выступяць Akute і Vincent!" - інтрыгуе "лідэр-вакаліст" "У нескладовага" Аляксандр Памідораў.
Распачнецца імпрэза ў 18 гадзін і скончыцца позна ўвечары. Традыцыйна, пасля канцэрту будуць працаваць дыджэі і гучаць фонавая музыка.
Што тычыцца арганізацыйнага боку фэсту, як і ў мінулыя разы, людзі могуць прыязджаць загадзя. Гледачам прапаноўваецца некалькі розных тыпаў квіткоў: можна прыехаць пятнічным вечарам і правесці ў Шаблях усе выходныя альбо набыць квіток толькі на канцэрт. На хутар можна па-ранейшаму прыязджаць са сваёй ежай, мангаламі і намётамі, але новыя кропкі харчавання зладзяць і арганізатары.
Уладзімір Шаблінскі: "Мы, натуральна, запамінаем урокі і набываем досвед з канцэртаў, што ўжо адбыліся. Безумоўна, будзем развіваць сетку харчавання – то бок будзем рабіць большую колькасць маленькіх кропак харчавання, каб людзі не стаялі ў чэргах".
Нагадаем, што ў апошнія выходныя лета - 27-га жніўня на хутары пройдзе фестываль "Вольнае Паветра". Апошняя імпрэза пад "сцягам" "Канцэрта на траве" запланаваная на другія выходныя верасня.
ДАВЕДКА:
Хутар Шаблі – вёска Малае Запруддзе 29а, Валожынскі раён. Гэта 80 км. ад Мінска ў бок Вільні. Арыентыры – вёска Гародзькі, вёска Лоск.
КОШТ КВІТКОЎ:
60 тыс. – толькі ўваход (даезд самастойна).
90 тыс. – ўваход + кемпінг на выходныя (даезд самастойна).
120 тыс. – уваход + квіток на аўтобус ад агенцтва "Шаблі".
Дзеці да 12 гадоў пад дагладам бацькоў – бясплатна.Кемпінг адчыняецца 15 чэрвеня ў 18 гадзін, зачыняецца 17 чэрвеня ў 18 гадзін.
НАБЫЦЬ КВІТКІ:
– Мінск, бар "Малако" (пр. Незалежнасці 37а) – запытацца ў бармэна
– Мінск, каса КЗ "Мінск" (вул. Кастрычнічкая 5)
– Мінск, каса ў пераходзе паміж ГУМам і McDonalds
– Мінск, распаўсюднік у пераходзе на пл.Я.Коласа (выхад да Філармоніі)
– Усе рэгіёны – у сістэмах ticketpro.by і kvitki.by
Увага: продаж квіткоў ў касах Мінска і Інтэрнэце спыняецца ў 17 гадзін 15 ліпеня. Пасля гэтага квіткі можна будзе набыць толькі на пляцоўцы хутара Шаблі.