Брэсцкага актывіста затрымалі за "дзейнасць у сацыяльных сетках"
У ноч з 3 на 4 чэрвеня Іван Стасюк быў затрыманы на польска-беларускай мяжы і прыкладна а 00.30 дастаўлены ў брэсцкае аддзяленне КДБ.
"Прафілактычная" размова з супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі доўжылася да 4-й раніцы.
"Распытвалі пра маю дзейнасць у сацыяльных сетках, асаблівую увагу надалі распаўсюду інфармацыі пра сустрэчу ВКонтакте "Рэвалюцыя ў сетцы". Яшчэ цікавіліся маімі паездкамі ва Ўкраіну і стасункамі з арганізацыяй "Нацыянальны альянс”. Калі я адмовіўся ад прапановы спыніць грамадска-палітычную дзейнасць, пачуў пагрозы ў бок родных і сяброў", — распавёў Іван.
Нагадаем, што Іван Стасюк ў перыяд выбарчай кампаніі з'яўляўся сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева і пасля падзей 19-га снежня яго таксама выклікалі ў КДБ.