БТ вінаваціць юрыста і рэкламшчыцу ў ціску на журналістаў (фота)
Юрысту Руху "За свабоду" Андрэю Сушко і рэкламісту Юліі Ляшкевіч прыйшоў адказ з Першага канала на зварот, датычны фільма “Сацыяльныя цені”.
У адказе кіраўнік Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька перш за ўсё падзякаваў спадару Сушко за ўважлівыя адносіны да каналу а таксама за прынцыповую грамдзянскую пазіцыю. Аднак пры гэтым дзве іншыя старонкі ліста змяшчаюць абвінавачанні ў неадпаведнасці звароту заканадаўству Беларусі, а таксама ў грубым умяшальніцтве ў рэдакцыйную палітыку Белтэлерадыёкампаніі, у спробе ціску на незалежных журналістаў ды спробе абмежавання свабоды слова ў краіне.
Еўрарадыё: Як вы ўвогуле адрэагавалі на гэты адказ?
Андрэй Сушко: Для мяне там была толькі адна важная цытата. Як я разумею, большую частку тэксту там пісаў юрыст Белтэлерадыёкампаніі. На іх месцы я б іншага юрыста знайшоў, бо тэкст – не вельмі. А апошняе, напэўна дапісаў сам Давыдзька, старшыня БТ. Ён указаў, што згодны аказваць мне ўсялякую маральную падтрымку супраць сілаў, што хочуць дэстабілізацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Улічваючы тыя антырэвалюцыйныя папраўкі, якія праваабаронцы, вядомыя грамадскія дзеячы, палітычныя партыі зараз спрабуюць не дапусціць, спадар Давыдзька праявіў лаяльнасць да сілаў, што хочуць дэмакратычнай будучыні для Беларусі.
Еўрарадыё: А што будзе далей? Вы будзеце намагацца атрымаць далейшыя тлумачэнні наконт гэтага фільму?
Андрэй Сушко: У мяне ёсць яшчэ пятнаццаць дзён, каб напісаць іск у суд і ў Міністэрства інфармацыі. Як толькі я атрымаў гэты службовы ліст, я адразу напісаў на фэйсбуку, што мы ідзем у суд з рэкламшчыцай Юляй Ляшкевіч.
Еўрарадыё: Нагадайце яшчэ раз, калі ласка, у чым вашая прэтэнзія да фільма “Сацыяльныя цені”?
Андрэй Сушко: Мае прэтэнзіі, як праваабаронцы, і Юлі Ляшкевіч, як вядомай рэкламшчыцы і як проста вельмі мілага чалавека, – у тым, што нельга паказваць трупы маці і іх дзяцей, моргі, сцэны гвалту ўвечары па нацыянальным канале, які фінансуецца за кошт падаткаў людзей. А людзям ужо не хапае грошай на ежу. Вось я бачыў, як людзі выбіраюць супавы набор з кураў за 7800: мне вось гэту курыцу ці вось гэту, таму што там мяса больш. Іншага яны сабе дазволіць не могуць.
Еўрарадыё: То бок асноўная прэтэнзія ў выкарыстанні здымкаў з Лівіі, а не ў прапагандзе?
Андрэй Сушко: Так. Што датычыцца палітычнага аспекта – я нічога не кажу, пакуль што гэта не мая вайна