Будоўля не спынілася, але дамовы не складаюць

У дзяржаўным прадпрыемстве "Мінскбуд" прапановаў на заключэнне дамоваў няма. Якая сітуацыя ў камерцыйных забудоўшчыкаў, Еўрарадыё запытала ў генеральнага дырэктара цэнтра гандлю нерухомасцю "Пакадан" Паўла Кузняцова.

"Частка забудоўшчыкаў працягвае заключаць дамовы з некалькі змененымі рублёвымі коштамі, некаторыя не пачалі заключаць дамовы. Яны чакаюць што неяк усталюецца курс, кошты ў падрадных арганізацый, калі будзе нейкі адзіны курс, пасля яны пачнуць заключаць дамовы. Былі некаторыя, хто паставіў загадзя завышаны курс у раёне 8-10 тысяч, але ім давялося адзываць свае дэкларацыі, таму што па такім курсе ніхто не гатовы быў купляць кватэры".

Але нягледзячы на гэта, будоўля не спыняецца. Нехта будуе за кошт уласных рэсурсаў, ці за кошт крэдытаў банкаў, але пры гэтым не падпісвае дамовы з пакупнікамі.

Адсутнасць ільготнага крэдытавання пакуль ніяк не адбілася на будаўніцтве, таму што з 2009 да пачатку 2011 гадоў было шмат ільготных крэдытаў. Але праблемы з фінансаваннем будаўніцтва могуць пачаць узнікаць, распавёў Еўрарадыё Мікалай Прасталупаў, дырэктар агенцтва нерухомасці "БелЦТН".

"Пачнуць узнікаць праблемы з фінансаваннем будаўніцтва. У якіх аб'ёмах, цяжка сказаць. Многія забудоўшчыкі пазаключалі дамовы і многія грамадзяне аплацілі па 100 працэнтаў дамы, якія яшчэ будуць уводзіцца у верасні - лістападзе. Тыя праекты, якія ўжо рэалізаваныя на стадыі некалькіх паверхаў, я думаю, будуць завершаныя да канца. А што тычыцца новых праектаў, хутчэй за ўсё, у забудоўшчыкаў будуць праблемы".

Валютны крызіс таксама мала паўплываў на будаўніцтва жылля. Бо валютны складнік не вельмі вялікі.

"Гэта паўплывала на падрадныя арганізацыі. Нейкія металаканструкцыі маглі за валюту набываць, ці ацяпляльныя сістэмы. Многія знайшлі аналагі ці купілі даражэй", - гаворыць Павел Кузняцоў.

Па словах Мікалая Прасталупава, рынак новага жылля наадварот актывізаваўся.

"Справа ў тым, што першасны рынак ніколі не быў валютным, там грошы прымаліся ў беларускіх рублях. Валютны крызіс адбіўся ў тым, што многія грамадзяне не маглі канвертаваць грашовыя запасы ці крэдыты ў беларускіх рублях, бягом неслі іх да забудоўшчыкаў. Таму апошнія 3 месяцы ў забудоўшчыкаў быў поўны аншлаг. Людзі неслі грошы і ўступалі ў дольнае будаўніцтва".

А цяпер, на думку Паўла Кузняцова, да камерцыйных забудоўшчыкаў яшчэ пойдуць і тыя, хто цяпер не мае магчымасці атрымаць ільготны крэдыт.

На рынку старых кватэр кошты не змяніліся, затое попыт упаў у разы, распавялі Еўрарадыё у агенцтве нерухомасці "m2".

"Калі ёсць прадавец, які хоча прадаць кватэру, умоўна, за 10 мільёнаў, то пераламіць яго ўсведамленне, каб ён прадаў яе за 5 не прадстаўляецца магчымым. Нейкіх зрухаў коштаў не назіраецца на дадзены момант".

Затое назіраецца вялікае жаданне расейцаў набыць нерухомасць у Мінску патанней, але пакуль такой халявы таксама няма.

Фота: bartrans.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі