Будучыя настаўнікі матэматыкі здалі свой прадмет на 10-12 балаў
“На бюджэт быў набор 135 чалавек, прыйшлі 131 і ўзялі ўсіх”, - кажуць на матэматычным факультэце БДПУ.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, з якімі баламі ідуць у ВНУ будучыя настаўнікі. Спачатку, звярнуліся ў Альма Матэр кіраўніка краіны – Магілёўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Куляшова.
“У мінулым годзе прахадны быў 144, а цяпер будзе 112 на Фізіка-матэматычным факультэце. Найніжэйшы бал па сертыфікатах, з тых каго залічылі - 101 на Хімічным факультэце”, - агучвае вынікі іспытаў сярод залічаных студэнтаў супрацоўнік прыёмнай камісіі ўніверсітэта імя Куляшова.
Як з такімі баламі яны потым будуць настаўнікамі? Аказваецца кожны трэці студэнт усё адно не давучыцца.
“На факультэт мы прымаем каля 130 чалавек. А выпускаем у раёне 100. Там розныя прычыны сыходу. Нехта пераводзіцца, хтосьці сыходзіць у дэкрэт. Выпускаюцца з сярэднім балам дыплома 7-8”.
Цікава, а якія балы абітурыенты маюць па профільных прадметах? Каб даведацца, звярнуліся на Матэматычны факультэт БДПУ.
“У гэтым годзе прыходзілі з нізкімі баламі па матэматыцы. І 10 і 12 балаў, гэта па 100 бальнай. Балы нізкія. З кожным годам ніжэйшыя. Была ў мінулым годзе сітуацыя, калі ўзялі з 7 баламі па матэматыцы. У нас на бюджэт быў набор 135 чалавек, прыйшлі 131 і ўзялі ўсіх. Вядома, цяжка потым вучыцца з такімі баламі”, - адказвае супрацоўніца дэканата.
Нагадаем, сярэдні бал тэставання па матэматыцы сёлета – 21 са 100.
Цікава, што ў БДПУ не было конкурсу адразу на 5 (!) спецыяльнасцяў: “Фізіка. Матэматыка”, “Фізіка.Інфарматыка”, “Фізіка.Тэхнічная творчасць”, “Беларуская мова, літаратура і нямецкая мова” і “Беларуская мова і літаратура” і “Руская мова і літаратура”.
У Віцебскім універсітэце імя Машэрава скардзяцца, што педагагічныя спецыяльнасці цяпер не ў пашане. Няма і выбітных вынікаў па тэставанні сярод будучых настаўнікаў гісторыі.
“У сярэднім гісторыю здаюць на 40 балаў са ста. Каб гісторыю здавалі на 80-90 балаў, такога на жаль няма”, - кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі.
Гэта, вядома, вышэй, чым сярэдні вынік па тэставанні па краіне (35 балаў), але для гісторыкаў – мала!
Здаецца, праблема ў тым, што абітурыенты падаюць свае “балы” паўсюль, дзе магчыма, абы паступіць.
Фота: mygazeta.com