Былога палітвязня Сяргея Каваленку будуць судзіць 29 сакавіка
Яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве.
Справу Каваленкі суд Першамайскага раёна Віцебска пачаў разглядаць у аўторак. Аднак з-за немагчымасці адваката сябра КХП-БНФ прысутнічаць на паседжанні, разгляд справы быў перанесены на пятніцу.
Як паведамляла Еўрарадыё, Сяргей Каваленка быў затрыманы вечарам 25 сакавіка, нібыта, за няправільны пераход вуліцы. Супрацоўнікі ДАІ аштрафавалі яго на 450 тысяч рублёў. Аднак у адносінах Каваленкі быў складзены яшчэ адзін пратакол — аказваецца, былы палітвязень "нецэнзурна лаяўся і размахваў рукамі".
Каваленка звязвае сваё затрыманне са святкаваннем дэмакратычнымі сіламі 95-х угодкаў абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, сябра КХП-БНФ Сяргей Каваленка ў верасні 2012-га быў памілаваны кіраўніком дзяржавы і вызвалены з магілёўскай калоніі. За кратамі ён знаходзіўся ад снежня 2011-га. У лютым мінулага года Каваленка быў асуджаны на 2 гады і 1 месяц калоніі агульнага рэжыма за вывешаны два гады таму ў Віцебску на галоўнай ёлцы горада бела-чырвона-белы сцяг.