Былы беларускі міліцыянт зарэзаў ва Украіне хлопца
Разам з ім у забойстве ўдзельнічаў яшчэ адзін беларус. Перад гэтым яны сумесна уцяклі з беларускай калоніі-пасялення.
Падрабязнасці здарэння ва ўкраінскім горадзе Мікалаеве распавядае мясцовы інтэрнэт-партал “Мікалаеўскія навіны". Беларусы перарэзалі хлопцу горла і тры разы ўдарылі яго нажом у спіну.
Паводле выдання, адным з забойцаў з’яўляецца 30-гадовы Яўген. У свой час ён вучыўся ў танкавай вучэльні ў Расіі, але на трэцім курсе кінуў яе. Затым нейкім чынам уладкаваўся ў беларускую міліцыю. Аднак там прапрацаваў нядоўга.
Пасварыўшыся з жонкай за дзвесце долараў, прадаў табельны пісталет. Неўзабаве ён быў затрыманы і атрымаў пяць гадоў зняволення, якія адбываў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней за добрыя паводзіны быў перакладзены ў калонію-пасяленне. Адтуль ён уцёк разам з іншым асуджаным Аляксандрам.
Нейкі час яны працавалі ў Маскве, а пасля перабраліся ва Украіну, у горад Мікалаеў. Там яны вырашылі абрабаваць гандлёвы павільён. Падчас злачынства беларусы і зарэзалі хлопца, мясцовага працаўніка. Пры гэтым на месцы злачынства кінулі нож з адбіткамі пальцаў. Праз некалькі дзён беларусы былі затрыманыя. Суд асудзіў забойцаў на доўгія тэрміны зняволення.