Былы лекар Лукашэнкі ўратавала ад інваліднасці 63 чалавекі
Ірына Абельская прэтэндуе на званне доктара медыцынскіх навук з дысертацыяй па праблеме лекавання шыйнага остэахандрозу.
Раней Абельская прысвяціла гэтай тэме сваю кандыдацкую дысертацыю. Яна з’яўляецца суўладальнікам чатырох патэнтаў на вынаходніцтвы спосабаў рэнтгеналагічных даследаванняў шыйнага аддзелу пазваночніка. Дзякуючы гэтаму ўдаецца выяўляць захворванні на ранніх стадыях і такім чынам больш эфектыўна лекаваць людзей з такімі праблемамі. У сярэднім у Беларусі 300 чалавек штогод робяцца інвалідамі праз шыйны остэахандроз, таму даследаванні Ірыны Абельскай вельмі важныя. Дзякуючы сваёй працы яна ўратавала ад інваліднасці 63 чалавекі, піша “Народная воля”.
Ірына Абельская раней з’яўлялася фактычна асабістым лекарам Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер яна пасля некалькіх год апалы ўзначальвае Рэспубліканскую лякарню Ўпраўлення справамі прэзідэнта.