Чаму беларускія стандарты дазваляюць рабіць віно з радыеактыўных ягад?

З радыеактыўных чарніц у Беларусі вараць таннае віно. На сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя распавядаецца пра вынікі кантролю прадуктаў. На Гомельшчыне знайшлі чарніцы і лісічкі з перавышаным утрыманнем радыенуклідаў. Грыбы знішчылі, а ягады, якія фанілі на 370 Бк/кг, адправілі на вінны завод.

У той жа час, згодна з нормай, есці чарніцы можна, калі ўзровень радыенуклідаў у іх не перавышае 185 Бк/кг. Але як высветлілася, тэхналогія вырабу пладова-ягаднага віна мае іншы стандарт: там дазволена выкарыстоўваць чарніцы з падвойным узроўнем радыяцыі (!), распавяла Еўрарадыё тэхнолаг Рэчыцкага вінзавода Яна Старушэнка.

Яна Старушэнка:
“У выніку тэхналагічных аперацый адбываецца расшчапленне ўсіх рэчываў, якія знаходзяцца ў гэтых чарніцах, у тым ліку частковае расшчапленне радыенуклідаў. Такім чынам, на выйсце гатовага прадукту, да прыкладу, сокаў зброджана-спіртаваных з чарніц, гранічная канцэнтрацыя радыенуклідаў будзе адпавядаць норме для спажывання прадукту насельніцтвам”.

Больш за тое, паводле словаў тэхнолага вінзавода, калі з радыеактыўнай чарніцы зрабіць варэнне, то яно будзе бяспечным.

Яна Старушэнка:
“Падчас тэрмічнай апрацоўкі ідзе частковае разбурэнне радыенуклідаў. Усё залежыць ад таго, колькі часу вы будзеце гэтае варэнне варыць”.

Вось толькі дактары санстанцый, якія працуюць у “брудных” раёнах Гомельшчыны, выказваюць на гэты конт супрацьлеглае меркаванне. Так, загадчыца лабараторыі санстанцыі Чачэрска Наталля Рудэнкова раіць любыя ягады альбо грыбы з перавышэннем нормы радыяцыі… адразу ж знішчаць!

Наталля Рудэнкова: “Я раю заўсёды выкінуць. Бо перавышэнне ў кожным выпадку застаецца перавышэннем, і нам трэба клапаціцца пра сваё здароўе. Больш ніхто аб ім не паклапоціцца”.

А вось у аддзеле радыяцыйнага кантролю інстытута “Сосны” запэўніваюць, што ніякага крыміналу ў вырабе “чарніла” з радыеактыўных чарніц няма. Праўда, “тэхналагічныя аперацыі” вінаробаў тут ні пры чым. Увесь сакрэт, кажуць, у тым, што сок гэтай небяспечнай ягады разбаўляюць вялікімі аб’ёмамі вады ды спірту.

Супрацоўніца інстытута “Сосны”: “Калі чарніцы гэтыя разводзіш і разбаўляеш, то канцэнтрацыя будзе меншая — і таму тут няма ніякага крыміналу, усё нармальна”.

Але ж дактары настойваюць на іншым: ніякая “тэхналагічная апрацоўка” чарніц і працэс іх варэння не выдаляе з ягад радыенукліды. І нават такі “правераны” сродак, як адварванне грыбоў у салёнай вадзе тры разы, не робіць іх чыстымі.

Наталля Рудэнкова: “Я асабіста праводзіла такі эксперымент: збірала грыбы і адварвала іх тры разы. Нязначныя змены. Калі перавышэнне ідзе высокае — яно застанецца перавышэннем”.

І сапраўды, калі дазволеная норма ўтрымання радыенуклідаў у грыбах складае 370 Бк/кг, а прыборы пры даследаванні паказваюць 5 тысяч Бк/кг, то колькі іх ні вары, радыяцыю не выварыш. А менавіта пра такія вынікі леташніх аналізаў расказала Еўрарадыё галоўны доктар санстанцыі Хойнікаў Наталля Лагвінец. Праверылі, кажа, і слоік варэння з мясцовых чарніц: пры дазволеных 185 прадукт утрымліваў 861 Бк/кг.

Менавіта таму нешта вырабляць з гэтых ягад у Хойніках забаронена:

Наталля Лагвінец: “У нас не вырабляюць ніякай пладова-агародніннай прадукцыі з гэтых ягад — бо забаронена”.

У прынцыпе, і ў Хойніцкім, і ў Брагінскім раёне забаронена не толькі нешта вырабляць, а і проста нарыхтоўваць чарніцы. А мясцовае Райпа, кажа доктар-лабарант санстанцыі Брагіна Святлана Шкурко, набывае ягады ў Брэсцкай вобласці.

Чаму для вырабу віна можна выкарыстоўваць чарніцы з павышаным утрыманнем радыяцыі, Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў Міністэрстве аховы здароўя. Але намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Анатоль Грушкоўскі адказваць адмовіўся. І прапанаваў даслаць афіцыйны запыт кіраўніцтву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі