Чаму Лукашэнка не падпісаў закон “Аб амністыі”?
У Адміністрацыі прэзідэнта зняволеным раяць пачакаць яшчэ дзень-два.
Краіна адсвяткавала Дзень незалежнасці, але выходзіць на свабоду паводле амністыі-2012 вязні так і не пачалі. Нягледзячы на тое, што сёлетняя амністыя была прымеркаваная менавіта да гэтага свята.
“Сёння мы павінны абмеркаваць праблемы амністыі, якая будзе прымеркаваная да Дня незалежнасці, — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас нарады па пытаннях амністыі 12 чэрвеня. — Шмат хто з людзей, і ў першую чаргу тыя, хто знаходзіцца ў месцах не вельмі аддаленых, з надзеяй чакаюць адпаведнага заканадаўчага акта”.
І запатрабаваў, каб праект закона быў падрыхтаваны і ўхвалены дэпутатамі ды сенатарамі як мага хутчэй. У парламент праект закона быў накіраваны ўжо 15 чэрвеня, і 27 чэрвеня народныя абраннікі прынялі яго адразу ў двух чытаннях.
На наступны пасля святкавання 3 ліпеня дзень ў Дэпартаменце выканання пакаранняў Еўрарадыё паведамілі, што падпісанага кіраўніком краіны закона “Аб амністыі” яны не бачылі і таму ніхто з магчымых амніставаных на свабоду не выйшаў.
Да прыкладу, у 2010 годзе праводзілі падвойную амністыю з нагоды 65-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і прымяркоўвалі гэтую падзею да Дня перамогі і Дня незалежнасці. У першым выпадку закон набыў моц 5 траўня, у другім — 1 ліпеня.
Згодна са словамі прэс-сакратара кіраўніка краіны Паўла Лёгкага, сёлетняя затрымка не звязаныя ні з якімі знешнімі фактарамі — выконваюцца ўсе неабходныя тэхнічныя працэдуры.
Павел Лёгкі: “Тут чыста тэхналагічны момант. Любы закон праходзіць пэўныя працэдуры. Спачатку — чытанні ў Палаце Прадстаўнікоў, потым закон паступае ў Савет Рэспублікі. Зараз працэдуры, якія павінен прайсці закон, завяршаюцца: закон знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта і рыхтуецца прэзідэнту на подпіс”.
На пытанне Еўрарадыё, а як жа тыя, хто знаходзіцца ў месцах не вельмі аддаленых і з надзеяй чакаюць адпаведнага заканадаўчага акта, прэс-сакратар прэзідэнта прапануе пачакаць “адзін-два дні”.
Павел Лёгкі: “Тут ужо адзін-два дні... Натуральна, я разумею тых людзей... Для іх кожны дзень выключна важны, але ёсць тэхнічная працэдура і мы чакаем, што бліжэйшымі днямі гэта ўсё будзе завершана”.
Такім чынам, закон проста “завіс” у прэзідэнцкай адміністрацыі, а не быў, да прыкладу вернуты ў парламент для ўнясення зменаў. І ніхто з палітвязняў пад амністыю ўсё адно не трапляе. Праўда, Лукашэнка адразу пра гэта папярэдзіў.
Аляксандр Лукашэнка: “Нацягваць туды, насуперак крытэрыям, людзей, якія не павінны выходзіць, у тым ліку па нейкіх палітычных матывах, ні ў якім разе нельга”.