“Чаму Лукашэнка заўжды выглядае пеўнем, які топча курачку-апазіцыю?”
Адказ на пытанне, як ім памяняцца месцамі, шукаюць у Таліне ўдзельнікі 5 Кангрэса беларускай дыяспары.
“Хопіць быць ахвярай”. Менавіта так можна коратка сфармуляваць параду беларускай дыяспары Еўропы і ЗША айчыннай апазіцыі. Даюць яе удзельнікі Кангрэса ў Таліне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Апазіцыя аб’ектыўна мае справу са слабой грамадзянмкай супольнасцю і моцнай “вертыкаллю”, але пазбаўляцца вобраза курачкі-ахвяры апанентам улады жыццёва неабходна. Гэты вобраз няправільны хаця б з пункту гледжання pr, мяркуе кіраўнік таварыства “Новы шлях” (Valgevene Uus Tee, Эстонія) Павел Марозаў:
“Сыходзіць ад вобраза ахвяры можна ламаючы pr-схемы ўладаў і змяншаючы іх уплыў на агульны працэс [фармавання грамадскай думкі. ― Еўрарадыё]”.
Для гэтага, працягвае кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паратнікоў, апазіцыйным лідарам неабходна для пачатку перастаць “несці бязглуздзіцу”, выказваючыся па пытаннях, у якіх яны не абазнаныя. Бо менавіта гэта дае магчымасці ўладам паказаць сваіх апанентаў “смешнымі”. Паратнікоў прыводзіць у якасці прыклада нядаўнія выказванні аднаго з апазіцыйных лідэраў, які лічыць, што рэформу ЖКГ неабходна праводзіць за кошт скарачэння на 40% выдаткаў на войска і міліцыю.
Андрэй Паратнікоў: “Але ў яго ж партыйнай праграме прадугледжваецца, што колькасць беларускага войска павінна складаць не менш за 70 і не больш за 80 тысяч ваеннаслужачых і фарміравацца яна будзе па кантракце. А ў нас сёння – 48 тысяч ваеннаслужачых, і фарміруюцца яны па змешанай сістэме, каля 25 тысяч складаюць прызыўнікі. Як ён збіраецца павялічыць войска ў паўтара раза, скараціўшы ў паўтара раза выдаткі на яго?”
Не займацца толькі тым, што падаецца выключна важным самім партыйным актывістам, раіць былы дэпутат парламента Вольга Абрамава:
Вольга Абрамава: “Трэба пастарацца даведацца, што насамрэч мае значэнне для людзей, калі вы гэтага да гэтага часу не ведаеце, і звярнуцца да іх патрэб. Для заваявання доўгатэрміновага даверу людзей неабходна навучыца “лавіць хвалю народнай незадаволенасці”. А не працаваць у супрацьфазе да яе”.
Палітычны дарадчык правячай “Партыі рэформ” Эстоніі Аарне Веэдла раіць беларускай апазіцыі “больш не азірацца” ў сваёй дзейнасці на Брусэль.
Аарне Веэдле: “Паглядзіце, як праводзяць нарады Савета міністраў замежных спраў краін ЕС. Раней там з “антыбеларускімі” заявамі пастаянна і першым выступаў міністр Эстоніі Урмас Паэт. Більд і Сікорскі [кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Швецыі і Польшчы. ― Еўрарадыё] маглі падтрымліваць яго, але яны ніколі так ярасна не выступалі. Але зараз перастаў выступаць там і Паэт”.
З чым прыйдзе апазіцыя на выбары-2015, будзе залежыць толькі ад яе і ад таго, ці зможа яна змяніцца, каб пачаць працаваць эфектыўна. З такой высновай пагаджаюцца ўсе ўдзельнікі Кангрэса “Эфектыўная грамадска-культурная альтэрнатыва для Беларусі: выклік 2015 года”, што праходзіць у Таліне 23-25 лістапада.
Фота: Ціны Сікорскай, Змітра Лукашука