Чаму прысуд Някляеву адклалі на два дні?

Суд над Уладзімірам Някляевым, Віталём Рымашэўскім, Сяргеем Вазняком, Аляксандрам Фядутам і Настай Палажанкай скончыўся. Але прысуд будзе вынесены толькі праз два дні. Суддзя абвясціла перапынак для вынясення рашэння да 16 гадзінаў пятніцы 20 траўня.

Усім абвінавачаным пагражаюць умоўныя тэрміны. За гэты час могуць вынесці прысуд Статкевічу, Усу і Класкоўскаму, якім пракурор патрабуе па 8, 7 і 8,5 год адпаведна. Таксама Мінск наведае расійскі прэм'ер Уладзімір Пуцін. Чаму ж так доўга суддзя будзе прымаць рашэнне?

"Я думаю, будуць вырашаць, ці 6 мільярдаў расійскіх дазваляюць ім вынесці больш жорсткі прысуд або не. Будуць вагацца і думаць", — мяркуе Віталь Рымашэўскі.

На думку Аляксандра Фядуты, прысуд ім будзе вынесены самым апошнім. І гэта звязана з тымі тэрмінамі, якія просяць Усу і Статкевічу.

"Зразумела, што ў нас самы ліберальны прысуд. Таму ён можа быць агучаны толькі пасля таго, як усе жорсткія прысуды будуць агучаныя. Сёння стала вядома, што пракурор запатрабаваў для былых кандыдатаў у прэзідэнты Змітра Уса і Міколы Статкевіча вельмі жорсткія тэрміны, тое ж тычыцца і былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага".

Згодна са словамі Сяргея Вазняка, фармальна суддзя павінна падумаць і тут ўсё выглядае даволі прыстойна.

"Але не вельмі верыцца, што рашэнне ўжо не прынятае. Таму магу меркаваць, што нам прысуд хочуць абвесціць у адзін дзень са Статкевічам. Там, верагодна, будзе вельмі жорсткі прысуд, а ў нас адносна мяккі, каб змікшыраваць. А таксама заўтра ж Пуцін прыязджае, і не хочацца перад яго прыездам абвастраць сітуацыю".

"Мы ва ўсім гэтым спектаклі неабходныя як эмацыйная супрацьвага ўсяму, што адбываецца", — гаворыць Наста Палажанка.

На фоне мяккіх прысудаў жорсткія будуць успрымацца не так цяжка, ды наадварот: за жорсткімі прысудамі ўсе могуць забыцца на тое, што ўмоўны тэрмін таксама можа пераўтварыцца ў сапраўдны.

Апошнія словы абвінавачаных уразілі ўсіх. Жонка Фядуты незаўважна выцірала слёзы, у канцы прамоваў зала апладзіравала, пакуль суддзя не забараніла. Праўда, выступ Някляева сарваў авацыі: людзі не ўстрымаліся.

Хочацца верыць у тое, гаворыць Палажанка, што суддзя як чалавек таксама не засталася абыякавай, нягледзячы на тое, што на прысуд гэта ніяк не паўплывае.

"Суддзя можа стаць гістарычнай асобай, якая адмовіцца выносіць прысуды, выйдзе і скажа: "Яны апраўданыя". І сыдзе з гэтай пасады. Але ёсць сістэма страху, і я не думаю, што яна гэтым скарыстаецца. Магчыма, таксама разумеючы, што тыя ўмоўныя тэрміны, пакаранне, якое просяць нам, — што мы да гэтага ставімся лаяльна, бо разумеем, што маглі б сесці ў турму".

Нагадаем, што Дзмітрыеву пракурор папрасіў 3 гады ўмоўна, Рымашэўскаму, Фядуту і Вазняку — 2 гады ўмоўна, Палажанцы — 1,5 года ўмоўна, а Някляеву — 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі