Чаму ў Беларусі самы кароткі агітацыйны перыяд сярод суседніх краін?

Да 23 лістапада Цэнтрвыбаркам мусіць выдаць кандыдатам у прэзідэнты пасведчанні аб іх рэгістрацыі. У такім выпадку на агітацыю застанецца толькі 24 дні. Больш за тое, датэрміновае галасаванне пачнецца ўжо 14 снежня.

Гэтую праблему 4 лістапада агучыў Федэральны міністр Нямеччыны Рональд Пафала падчас свайго візіту ў Беларусь.

Рональд Пафала: "Тое, што за некалькі тыдняў да выбараў яшчэ не вядомыя імёны кандыдатаў у прэзідэнты – вялікі недахоп выбарчай кампаніі".

Ці дастаткова часу даецца кандыдатам на тое, каб "раскруціцца" і пазнаёміць выбаршчыкаў са сваімі праграмамі, запытала Еўрарадыё ў сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка.

Мікалай Лазавік: "Гэтая норма прадугледжаная выбарчым заканадаўствам. Камусьці можа і мала, а камусьці можа і шмат. Мы яе павялічыць альбо паменшыць не можам... Па гэтай норме ніякіх праблем не ўзнікала".

Трохі больш часу будзе ў кандыдатаў, калі ЦВК, як абяцае, зарэгіструе кандыдатаў на некалькі дзён раней – 18-19 лістапада. У такім выпадку, прэтэндэнты будуць мець на агітацыю столькі ж часу, як і кандыдаты ў прэзідэнты Расіі на мінулых выбарах – 28 дзён.

У Літве заканадаўчы мінімум прыблізна такі ж самы – 29 дзён. Але гаворка менавіта пра мінімум.

"Прэтэндэнты мусяць здаць 20 тысяч сабраных подпісаў, прынамсі, за 45 дзён да даты выбараў. І максімум за 30 дзён да выбараў імёны кандыдатаў мусяць быць абвешчаныя ў прэсе і выбарчая камісія павінна выдаць ім пасведчанні", – распавяла Еўрарадыё старшыня аддзела па арганізацыі выбараў Вышэйшай выбарчай камісіі Літвы Ніёле Жемайтэне (Nijole Zemaitiene).

Непараўнальна большы агітацыйны перыяд у калег з Украіны – ад двух месяцаў да 84 дзён. Выбарчая кампанія там абвяшчаецца за 90 дзён да даты выбараў, і ўжо на наступны дзень пачынаецца рэгістрацыя, паведаміла кіраўніца прэс-службы ЦВК Украіны Зоя Шарыкава.

Нагадаем, збіраць подпісы ва Ўкраіне не трэба – прэтэндэнты мусяць унесці залог у 300 тысяч долараў на спецыяльны рахунак Выбарчай камісіі. ЦВК павінен разгледзець дакументы на працягу 5 дзён, але яму хапае і 2-3 дзён.

Зоя Шарыкава: "Калі дакументы падаюцца на наступны ж дзень ад абвяшчэння выбарчай кампаніі, і ЦВК іх хутка разглядае, то кандыдат максімальна можа мець 84 дзён на агітацыю. Апошні тэрмін падачы дакументаў на рэгістрацыю – 71 дзень да выбараў. Тады ў самым горшым выпадку на агітацыю застаюцца 63 дні".

У Польшчы мінімальны тэрмін атрымання кандыдатам афіцыйнага пасведчання – 42 дні да выбараў, але агітацыю можна весці і раней, паведаміў эксперт Цэнтральнай выбарчай камісіі Польшчы Лех Гайзлер.

Лех Гайзлер: "Апошні тэрмін звярнуцца ў ЦВК з дакументамі і 100 тысяч подпісаў – 45 дзён да даты выбараў. Выбарчая камісія правярае сапраўднасць подпісаў і іншыя дакументы не больш за 2-3 дні, і прымае рашэнне аб выдачы пасведчання".

Глядзі таксама:
Ці дастаткова месяца, каб вызначыцца з выбарам прэзідэнта? (вулічная апытанка)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі