Чарговых беларускіх рабоў знайшлі ў Расіі
У Курганскай вобласці арыштавалі прадпрымальніка, які сілай утрымліваў сваіх працаўнікоў, збіваў і змушаў працаваць бясплатна.
Па словах цяпер ужо былых працаўнікоў, на вытворчасці валёнак, жывёлагадоўчай ферме і вырабе мэблі яны працавалі дні і ночы. Прадпрымальнік збіваў падначаленых за найменшую правіннасць, трымаў у кайданках па трое сутак без ежы, вады і магчымасці схадзіць у прыбіральню. Працягвалася ўсё гэта каля 5 гадоў.
Прадпрымальнік вербаваў жыхароў Расіі, Казахстана, Кыргыстана і Беларусі. На працы ўтрымліваў іх сілай і абавязаннямі: забіраў пашпарты і змушаў пісаць распіскі пра ўяўныя буйныя пазыкі, паведамляюць vesti-ural.ru
Цяпер прадпрымальнік у следчым ізалятары. Супраць яго распачатая крымінальная справа за выкарыстанне рабскай працы. Следчыя плануюць распачаць яшчэ тры: "Выкраданне людзей", "Замах на забойства" і "Давядзенне да самагубства".
Па словах следчых, рабаўладальніку пагражае тэрмін аж да пажыццёвага зняволення.
Нагадаем, што раней у Дагестане было вызвалена з рабства 5 грамадзянаў Беларусі.