Чэхія ахвотней за ўсе іншыя краіны Еўрасаюза выдае беларусам прытулак
Усяго па Еўропе прытулак даюць толькі кожнаму сёмаму беларускаму ўцекачу.
Як даведалася Еўрарадыё, часам людзі, якія называюць сябе ўцекачамі, такімі не з'яўляюцца і блізка. Нідэрланды і Нарвегія нават прыпынілі грашовую падтрымку заяўнікам з Беларусі, калі выявілася, што многія ехалі не па прытулак, а па грошы.
Як вынікае са статыстыкі, летась у 220 выпадках міграцыйныя органы еўрапейскіх краін палічылі, што беларускія ўцекачы маюць падставы баяцца за сваю бяспеку на Радзіме, і далі ім прытулак. З іх 90 чалавек атрымалі станоўчае рашэнне пасля ўдалай апеляцыі на першапачатковую адмову ў прытулку. Невядома, пра якую дыскрымінацыю ў Беларусі – па палітычнай, нацыянальнай, сексуальнай ці іншай прыкмеце – часцей узгадвалі заяўнікі, бо гэтая інфармацыя канфідэнцыйная.
Станоўчае рашэнне ў краінах ЕС (а таксама Швайцарыі і Нарвегіі) прымаецца прыблізна па кожнай сёмай заяўцы беларуса. Паказчык у 15% станоўчых рашэнняў першай міграцыйнай інстанцыі (135 з 925 рашэнняў па заяўках беларусаў у 2011 годзе) даволі нізкі. Для параўнання, па заяўках уцекачоў усіх краін свету ў краінах Еўрасаюза станоўчых рашэнняў было 25%.
Аказваецца, што найбольш ахвотна прытулак летась давала Чэхія. Гэта адзіная краіна, якая задаволіла фактычна ўсе 30 пададзеных заявак. Больш за тое, і ўсе 40 апеляцый на папярэднія адмовы засталіся задаволеныя.*
Былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які сам нядаўна атрымаў чэшскі прытулак, перадусім тлумачыць гэта тым, што ў Чэхію бягуць так званыя рэальныя ўцекачы.
Алесь Міхалевіч: "У Чэхіі няма сістэмы сацыяльнай дапамогі для тых, хто просіць прытулак. Сам прытулак дае правы на працу, роўныя з тымі, што маюць чэхі, але ж трэба працаваць! Таму ў Чэхіі няма магчымасцяў для так званых сацыяльных прытульшчыкаў, тых, хто проста шукае лепшага жыцця нічога не робячы. Яны звяртаюцца па прытулак у іншыя краіны Заходняй Еўропы".
Апрача Чэхіі, даволі часта заяўкі на прытулак летась задавальняла Вялікабрытанія (20 сярод 35 першапачатковых рашэнняў), Польшча (20 з 40), а таксама Літва, Іспанія і Італія (кожная задаволіла 5 з 10 заявак).
Тым часам міграцыйныя органы шэрагу краін задаволілі вельмі малую частку (ці ніводную) з заявак на прытулак беларусаў. Напрыклад, з 210 першапачатковых рашэнняў міграцыйных органаў Нідэрландаў станоўчае было вынесена ў 15 выпадках, з 255 заявак Швецыя задаволіла 15, з 75 Францыя – 10. А Швейцарыя і Фінляндыя не задаволілі ніводную з 50 і 35 заявак беларусаў на прытулак адпаведна.
Не выключана, што і ў гэтыя краіны значная частка беларусаў прыбывала не дзеля ратунку ад палітычнага, нацыянальнага ці іншага віду ціску ў краіне, а дзеля здабыцця лёгкіх грошай, як у выпадку Нідэрландаў і Нарвегіі.
Чыноўнік нарвежскага міграцыйнага агенцтва Кнут Бертсэн кажа, што міграцыйныя органы Нарвегіі супрацоўнічаюць са сваімі калегамі са скандынаўскіх краін. Таму апошнія ведаюць пра злоўжыванне беларусамі нарвежскімі міграцыйнымі правіламі. Але, дадае Бертсэн, профіль псеўда-ўцекачоў можа адрознівацца ад краіны да краіны.
Кнут Бертсэн: "Мы пастаянна абменьваемся інфармацыяй з нашымі калегамі з Швецыі і Фінляндыі. Але трэба разумець, што калі там маюць выпадкі злоўжывання міграцыйнымі правіламі, то профіль заяўнікаў неабавязкова такі самы, і прычыны прашэння прытулку таксама могуць адрознівацца".
Нагадаем, сёлета ў пачатку года адбыўся рэзкі рост заявак на прытулак беларусаў у Нарвегіі. Аказалася, што большасць заяўнікаў паходзілі з Гродна, былі ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў і слаба ведалі пра інстытут прытулку. Свае заяўкі яны падавалі, каб атрымаць спецыяльны рэінтэграцыйны грант, роўны амаль 3000 еўра. Тады нарвежскія міграцыйныя органы прынялі рашэнне прыпыніць выдачу такога гранта заяўнікам з Беларусі.
* Заўвага: усе лічбы ў статыстыцы Еўрастата, якая выкарыстоўвацца ў артыкуле, акругленыя да пяці цэлых.
Чытай таксама: Галандыя і Нарвегія спынілі фінансавую падтрымку беларускім псеўдаўцекачам