Чуткі аб вяртанні Глеба ў Іспанію: ён можа дапамагчы “Рэалу” з Сарагосы?
Гэту вестку каментуюць жонка футбаліста, агент і прэс-служба іспанскага клуба.
Інсайдарскія звесткі пра тое, што Аляксандр Глеб пакуе валізы ў Іспанію, грымнулі нечакана. Паўабаронца здымаўся ў рэкламе пітной вады, і падчас гэтага супрацоўнікі агенцтва пачулі сенсацыйную тэлефонную гутарку футбаліста.
"Мы так зразумелі, што збіраецца ў “Рэал-Сарагосу”, калі мы нешта не наблыталі", — падсумавала крыніца.
Звязваемся з Яўгенам Гайдуком, футбольным агентам, які прадстаўляе інтарэсы футбаліста ў Беларусі.
"Я чуткі не каментую", — адрэзаў агент у адказ на наша пытанне.
Гэтак жа слова ў слова адказаў і прэс-сакратар БАТЭ Сяргей Дашкевіч. У той жа час ні агент, ні прэс-сакратар не сталі на 100 працэнтаў абвяргаць інфармацыю пра пераезд футбаліста ў Іспанію.
ФK “Рэал-Сарагоса” ў гэтым сезоне змагаецца за тое, каб не вылецець з вышэйшага дывізіёну Ла Лігі. А з пазіцыяй крэатыўнага паўабаронцы ў камандзе праблемы. Іспанцы як могуць выкручваецца і змагаюцца за месца пад сонцам.
"Буэнас тардэс! Вы пытаецеся пра Аляксандра Глеба, таго самага, што ў мінулым гуляў за "Барселону"? — ажывіўся, нягледзячы на пасляабедзенную сіесту, Рубэн, супрацоўнік адміністрацыі “Рэала-Сарагосы”. — Калі гулец і пераязджае да нас, то ён яшчэ не прайшоў медагляд. Іначай да мяне б ужо давялі інфармацыю. Таму ніякіх падрабязнасцяў пра гэта я не ведаю".
Тым часам сам Аляксандр Глеб выступае за БАТЭ і нічога не паведамляе адносна чутак. На аватарцы ў сацыяльных сетках футбаліста — пярэсты фотаздымак паўабаронцы ў колерах барысаўскага клуба.
Аднак на жончынай старонцы ў сацсетках зафіксавана нядаўняя пабыўка ў Іспаніі. Можа быць, канешне, Настасся Касянкова там проста адпачывала. А, можа быць, суправаджала мужа?
Таму тэлефануем жонцы Аляксандра Глеба, каб напрамую спытацца пра пірэнейскія чуткі.
"Гэта нейкі жарт, дзе пра гэта напісалі? — здзіўляецца Настасся. — Калі б гутарка вялася пра "Барселону", яшчэ можна было б паверыць. А так — адназначна не. Гэта так жартуюць. У нас гадавы кантракт з БАТЭ. Таму пакуль мы нікуды…"
Фота sports.terra.com