Чыгуначныя касы чакаюць масавага вяртання квіткоў!

120302 Nasta Perenos.mp3

“Мне ўсё роўна, я прывык увесь час не высыпацца, таму калі трэба папрацаваць — папрацую”, — некаторыя з апытаных намі на вуліцах Мінска гатовыя працаваць нават у нядзелю!


Але як быць тым, у каго былі планы на гэты дзень?
Напрыклад, чалавек збіраўся пайсці ў кіно або паехаць да сябра ў іншы горад…


У чыгуначных касах скардзяцца, што звычайна, калі адбываюцца такія пераносы, квіткі вяртаюць валам… Але сёння пакуль яшчэ не вярталі. Магчыма, яшчэ не апамяталіся.


Чыгуначныя касы: “Сёння мы пакуль яшчэ не адчулі, але я думаю, што будуць. У нас такое бывае вельмі часта, калі здаюць, то ўжо канкрэтна. Пачынаюцца гэтыя вяртанні. Ажно страшна! Але сёння яшчэ не вельмі — можа працуюць сёння, можа ўжо к вечару пойдуць, бо гэта ж учора толькі аб’явілі...”


У міжнародных чыгуначных касах такой праблемы няма. Кажуць, справа ў кантынгенце.


Міжнародныя чыгуначныя касы: “Нашы пасажыры моцна ад гэтага не залежаць, не пакутуюць… У Польшчу звычайна калі і едуць, то ўжо разлічваюць час. Гэта ж не Маладзечна тое ж самае, і нават не Гомель… Пакуль вяртанняў у нашым накірунку ўвогуле не было. А ў касах СНД вяртанні, вядома, будуць, але пакуль у нас пасажыраў мала”.


У касы кінатэатра “Беларусь” квіткі здаюць, але прычын не называюць.


"Беларусь": “Тэлефанаванні былі: можна здаць квіткі? — так, калі ласка, кажу, да пачатку сеанса. А ў сувязі з чым… Мне прычыну не казалі. Можа быць, і ў сувязі з гэтым у кагосьці было. Цалкам магчыма, ціхенька прыходзяць і здаюць. У нас пастаянна вяртаюць квіткі — то захварэе чалавек, то яшчэ што… Калі ў чалавека не атрымліваецца прыйсці, ён можа здаць квіток да пачатку сеанса. І яму вернуць грошы”.


У “Белдзяржцырку” таксама плануецца прадстаўленне на нядзелю 11 сакавіка. Але людзі пакуль квіткі не здавалі.


Цырк: “Здачы квіткоў у нас не было. У нас пакуль усё добра і спакойна”.


Нагадаю, працоўны дзень з пятніцы 9 сакавіка ў Беларусі пераносіцца на нядзелю 11 сакавіка. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Раней меркавалася, што працоўны дзень перанясуць на 17 сакавіка.


Як нечакана даведалася Еўрарадыё, МТЗ працаваць 11 сакавіка... не будзе! Бо там графік складзены на год.


МТЗ: “У нас выходны. У нас свой графік, зацверджаны на год. Таму гэты выходны дзень — 11 чысло — будзе адпрацаваны ў нейкую суботу. Мы яго адпрацуем у іншы дзень”.


Еўрарадыё апытала людзей на вуліцах Мінску, як яны ставяцца да пераносу працоўнага дня на нядзелю. Адказы падзяліліся прыкладна 50/50. Вось што адзначалі незадаволеныя:


“Кепска стаўлюся да гэтага. Няправільна зрабілі! Можна было б і паклапаціцца пра людзей — даць працоўны дзень у гэтую суботу, людзі б адпрацавалі, і няхай бы адпачывалі. А так што? Зрабілі няправільна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі