Ці будуць адрознівацца даклады АБСЕ і СНД пасля сёлетніх выбараў?
Пра працэдуру накіравання назіральнікаў Еўрарадыё запытала і АБСЕ, і СНД. А таксама пацікавілася, чаму ацэнкі выбараў іх назіральніцкіх місій вельмі адрозніваюц
"Сяргей Мартынаў падпісаў афіцыйны ліст на адрас СНД і АБСЕ з
запрашэннем накіраваць назіральнікаў для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.
Пры гэтым Беларусь не выстаўляе абмежаванняў па тэрміне іх прыбывання і
колькасці", – паведаміў 16 верасня прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.
Прэс-сакратар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ/АБСЕ) Енс Эшенбэхер (Jens
Eschenbaecher) пацвердзіў, што запрашэнне ўжо атрымалі. І вельмі
ўдзячныя, што яно ранняе і дае Бюро дастаткова часу, каб падрыхтавацца
да назірання.
Енс Эшенбэхер: "Наступны крок – даслаць у
Беларусь Ацэначную місію. Калі гэта будзе зроблена, яшчэ невядома,
залежыць ад шэрагу фактараў. Увосень у нас заняты графік: у шэрагу краін
АБСЕ пройдуць выбары. Ацэначная місія зробіць агульную ацэнку і
рэкамендацыі, ці трэба дасылаць Назіральніцкую місію і ў якім фармаце".
Напярэдадні
прэзідэнцкіх выбараў 2006 года БДІПЧ/АБСЕ накіравала ў Беларусь
Ацэначную місію ўжо праз пяць дзён пасля атрымання запрашэння
Міністэрства замежных спраў. А праз два тыдні была разгорнутая Місія
БДІПЧ/АБСЕ па назіранні за выбарамі.
Енс Эшенбэхер:
"Колькасць назіральнікаў будзе залежаць ад рэкамендацыі Ацэначнай місіі.
Тады Бюро зробіць запыт у краіны АБСЕ, і яны забяспечаць нас
назіральнікамі. У АБСЕ уваходзіць 56 краін, на падобныя выбары звычайна
адпраўляюцца назіральнікі з 40 краін".
У дзень прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ў Міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі з 546 назіральнікаў
з 38 краін АБСЕ амаль сто чалавек прадстаўлялі Парламенцкую Асамблею
АБСЕ. Пакуль запрашэння ад беларускага парламента Асамблея не атрымала.
Прэс-служба ПА АБСЕ: "Некаторыя
краіны дасылаюць асобнае запрашэнне ў Парламенцкую асамблею, некаторыя –
не. Ад беларускага парламента запрашэння пакуль не атрымалі. Але
звычайна, калі запрашаюць БДІПЧ АБСЕ, то гэта аўтаматычна значыць і
запрашэнне для ПА АБСЕ".
Пасля атрымання запрашэння
Выканаўчы камітэт Садружнасці незалежных дзяржаў адправіць лісты ў
дзяржавы СНД з просьбай даслаць сваіх назіральнікаў, распавёў Еўрарадыё
старшыня Штаба Місіі назіральнікаў ад СНД Яўген Слабада:
"Тады мы запрашаем Парламенцкую сход Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкую асамблею і яны вызначаюць колькасць людзей".
У
якасці назіральнікаў ад СНД (прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі,
Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і
Ўзбекістана) на мінулых прэзідэнцкіх выбарах было акрэдытавана 467 чалавек.
Еўрарадыё
запытала, чаму ацэнкі выбараў у Назіральніцкіх місій СНД і АБСЕ так
адрозніваюцца. Напрыклад, даклад АБСЕ па мінулых прэзідэнцкіх выбарах
гаворыць пра значныя хібы і неадпаведнасці дэмакратычным стандартам. А
СНД ацаніла выбары як свабодныя і адкрытыя.
Яўген Сладаба: "Не
ведаю. За АБСЕ адказваць не хачу. Але даклады Місіі назіральнікаў АБСЕ,
Савета каардынатараў цалкам аб'ектыўныя, на наш погляд"
На гэтае самае пытанне адказаў і Енс Эшенбэхер:
"Чаму так адрозніваецца, спытайце ў назіральнікаў СНД. Пра стандарты АБСЕ я магу сказаць, што ўсе краіны АБСЕ прынялі дэталёвую метадалогію,
па якой мы назіраем. А таксама метадалогію, ці прымяняюцца гэтыя
стандарты на практыцы. На стандарты правядзення выбараў пагадзіліся ўсе
56 краін АБСЕ, яны выкладзеныя ў так званай капенгагенскай дамове 1990 года. Гэтыя стандарты аднолькавыя для ўсіх краін АБСЕ, і яны прайшлі праверку ў 200 выбарчых кампаніях па ўсёй прасторы АБСЕ".
Даведка Еўрарадыё:
У падрабязнай Справаздачы місіі БДІПЧ/АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года, між іншага, гаворыцца:
"Якасць
выбарчага працэсу пагоршылася пры падліку галасоў, працэдура якога...
з'яўлялася надзвычай праблематычнай. Шмат участковых камісій дрэнна
арганізавалі падлік галасоў, а скаргі належным чынам не разглядалі.
Назіральнікі далі негатыўную ацэнку працэсу падліку галасоў у 50% сваіх
справаздач, а палова груп назіральнікаў зрабілі выснову, што
празрыстасць пры падліку галасоў варта ацаніць як "дрэнную" або "вельмі
дрэнную". Падчас падліку большасць назіральнікаў была пазбаўлена
магчымасці стаяць на досыць блізкай адлегласці, каб пераканацца ў
празрыстым адпраўленні працэдур падліку галасоў".
А вось што гаворыцца ў Заяве міжнародных назіральнікаў ад СНД па тых самых выбарах:
"Міжнародныя
назіральнікі ад СНД лічаць, што выбары Прэзідэнта Рэспублікі
Беларусь... праведзеныя ў адпаведнасці з нормамі дзейнага ў краіне
выбарчага заканадаўства, прайшлі пры высокай актыўнасці выбарцаў;
прызнаюць прэзідэнцкія выбары свабоднымі, адкрытымі і транспарэнтнымі".
На здымку: выява БДІПЧ/АБСЕ