Ці патрэбна Беларусі новае даменнае імя?

Насамрэч, знайсці новы дамен верхняга ўзроўню Беларусі будзе не так і проста. Дамен .be заняты Бельгіяй, .bl – Сен-Бартэльмі. На .ba не так даўно ўладкавалася Боснія і Герцагавіна, на .br “сядзіць” Бразілія, .bu — дамен М’янмы, а .bs — Багамскіх астравоў. Хіба што .rb дагэтуль нікому не патрэбны. Ці вось абзавесціся кірылічным варыянтам, як Расія.

Ідэю наконт таго, што наспеў час змяніць .by на больш актуальнае даменнае імя, выказала супрацоўніца групы даследчыкаў "e-belarus" Марына Сакалова — мадэратар круглага стала па пытаннях кіравання інтэрнэтам, які днямі адбыўся ў Мінску:

“На еўрапейскім форуме EuroDIG па пытаннях кіравання інтэрнэтам былі прадстаўленыя вынікі лакальнага расійскага форума. І яны як сваю вялікую перамогу прэзентавалі тое, што будзе даменнае імя .рф. Ці існуе ў Беларусі неабходнасць як-небудзь змяніць даменнае імя? Бо лацініцай Беларусь зараз пішацца зусім іначай!”

Аднак, на думку прысутных на круглым стале прадстаўнікоў Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, які з’яўляецца адміністратарам дамена .by, мяняць нічога не трэба, бо і цяпер з нашым даменным імем усё добра:

“Для Беларусі аспекты, звязаныя з напісаннем кірыліцай, не стаяць так крытычна, як, напрыклад, для Расійскай Федэрацыі. Нават для Расіі пераход на .рф, на нашу думку, быў хутчэй іміджавым крокам”.

Імя .by паходзіць ад назвы нашай краіны, прынятай у савецкія часы. І, нягледзячы на тое, што ад абвяшчэння незалежнасці Беларусь — Belarus, а не Byelorussia, старое даменнае імя выкарыстоўваецца па-ранейшаму. Тым не менш, дырэктар ЗАТ "Нетворк Сістэмс" Аляксей Коўб падтрымаў пазіцыю спецыялістаў з ААЦ:

“100% для Расіі гэта іміджавы крок. Бо я ўпэўнены, вы там не знойдзеце ніводнага кампутара, на якім былі б толькі кірылічныя літары”.


Юрыст УП “Надзейныя праграмы” Людміла Чэкіна прапануе паглядзець на сайты даменнай зоны .by скрозь прызму кіберсквотэрства:

“На жаль, у Грамадзянскім кодэксе даменнае імя не згадваецца ніводнага разу. І яго абарона ў нас ніяк не разглядаецца з пункта гледжання грамадзянскага права. А між тым, у Расіі ўжо ёсць судовыя прэцэдэнты па зваротным захопе дамена. То бок, нехта рэгістраваў прадпрыемства з адпаведнай, пад вядомы дамен, назвай — і пасля ў судовым парадку забіраў дамен сабе. У нас такіх прэцэдэнтаў пакуль не было, але пры недастатковым рэгуляванні гэтай сферы грамадзянскім правам яны могуць узнікнуць!”

Такім чынам, назва беларускага нацыянальнага дамена — далёка не адзінае пытанне, звязанае з існаваннем Байнэта. Небяспека кіберсквотэрства (а менавіта так называецца захоп удалага даменнага імя з мэтай нятанна прадаць яго праз нейкі час, калі яно каму-небудзь спатрэбіцца) узрастае, бо пасля ўказа №60 усе, хто аказвае беларусам паслугі праз інтэрнэт, пераносяць сайты ў зону .by.

Але факт застаецца фактам: by — гэта аскепак мінулага, які не адпавядае сучаснай назве нашай краіны. Праўда, “пераязджаць” нам ужо няма куды. Хіба што на кірылічны дамен, паводле расійскага ўзору. Трэба тэрмінова займаць .бе, пакуль не заняла якая-небудзь Бельгія. Бо нават Балгарыя ўжо пакінула за сабой .бг, а мы ўсё думаем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі