Праз некалькі дзён пасля выбараў мінчане не памятаюць, за каго галасавалі
"Клімовіч!? Была ў нас у школе настаўніца Клімовіч, але я так разумею, гаворка цяпер не пра яе", — Еўрарадыё апытала мінакоў на вуліцах.
Многія кандыдаты, якія перамаглі на сёлетніх выбарах, паводле афіцыйных дадзеных, набралі больш за 50% галасоў! Значыцца, як мінімум кожны другі выбаршчык у акрузе ведае свайго будучага дэпутата. З разуменнем гэтага накіроўваемся ў спальныя раёны Мінска, каб запытацца ў мясцовых жыхароў, ці знаёмае ім імя абранага дэпутата. На Чкалаўскай акрузе перамагла Наталля Анатольеўна Клімовіч. Дырэктар “3-й дзіцячай паліклінікі” па папярэдніх звестках набрала каля 60% галасоў пры агульнай яўцы на выбары ў 58,9%.
Каля мясцовай крамы дагэтуль стаіць выбарчы стэнд, з якога сярод іншых пазірае на электарат і Наталля Клімовіч. Становімся проста каля яго і задаём мінакам пытанне: “Ці ведаеце вы, хто такая Наталля Анатольеўна Клімовіч?” Во дзіва! Толькі некалькі з апытаных чалавек трыццаці чулі гэтае імя!
"Гэта нейкая пісьменніца?" — пытаецца ў адказ дзяўчына, якая яшчэ хвіліну таму кудысьці спяшалася.
"Клімовіч!? Была ў нас у школе настаўніца Клімовіч, але я так разумею, гаворка цяпер не пра яе", — усміхаецца мінак, у далейшай размове ён прызнаўся, што галасаваць не хадзіў, як і ўсе яго знаёмыя, таму і не ведае.
"Нешта знаёмае, але не ўзгадаю!", — кажа жанчына развітваючыся з сястрой. Я прызнаюся, што цяпер гэта дэпутат па яе акрузе і паказваю пальцам на дошку, ў метры ад якой я ўсім і задаю пытанне. — О! Дакладна! — здзіўляецца дзяўчына. — Ой, узрадую сястру! Каб вы сказалі, што яна загадчык трэцяй дзіцячай, то я б узгадала, а так памятаю, што Наталля. Мы ж з сястрой галасавалі за яе!"
Далей едзем на Паўднёва-Заходнюю акругу, да новага студэнцкага гарадка, дзе жыве добрая частка выбаршчыкаў. Там з 62% галасоў перамагла дзеючы дэпутат Святлана Дзмітрыеўна Шылава. Моладзі перад інтэрнатамі багата, пераважная большасць з іх... добра ведае Святлану Дзмітрыеўну! І нават больш...
"Вядома! Гэта ж дэпутат, мы ж за яе ўсе галасавалі! — кажуць тры прывабныя дзяўчынкі і раптоўна з усмешкай дадаюць: У нас жа свабода выбару, разумееце?"
"Я больш чакаў Крыжаноўскага, — кажа хлопец з відавочным расчараваннем на твары, — Ва ўсялякім выпадку, ім бы там у палаце прадстаўнікоў было значна весялей сядзець!"
Пасля прызнання дзяўчынак нічога не застаецца, як паглыбіцца з гэтым жа пытаннем у звычайныя, не студэнцкія двары. Зноў сустракаем жанчыну, якая недзе чула пра літаратурныя здольнасці Шылавай Святланы Дзмітрыеўны, але ў ролі кандыдата, а тым больш дэпутата, яе не бачыла. Астатнія апытаныя проста і шчыра кажуць, што не чулі, ды і не вельмі жадаюць пачуць. Толькі сталы мужчына на прыпынку ўзгадаў сваю перавыбраную дэпутатку:
"Імя знаёмае, але я за яе не галасаваў, — і ўзгадвае, чым адзначылася спадарыня Шылава за мінулы дэпутацкі тэрмін. — Яна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы нейкіх законаў, але па мне, гэта не праца!"
Далей кіруемся на канцавы прыпынак 23-га тралейбуса, гэта скрыжаванне вуліц Розы Люксембург і Лермантава. Людзей на вуліцы шмат і пераважная большасць з іх "пад шафэ"... даўно... Напэўна, гэта і ёсць тыя самыя 60,6% выбарцаў Грушаўскай акругі, якія схадзілі на выбары і дагэтуль адзначаюць перамогу свайго кандыдата. Там, паводле папярэдніх звестак, больш за 60% галасоў аддалі міліцыянту Аляксеенку Васілю Анатольевічу. Усё ж наважваемся пачаць апытанне, стараемся выбіраць цвярозых, але не заўсёды атрымліваецца. І зноў адказы здзіўляюць! НІВОДЗІН з чалавек трыццаці апытаных не ведае такога прозвішча. А калі я прызнаюся, што гэта імі ж абраны дэпутат, яны ў адзін голас кажуць, што ўсё роўна не хадзілі галасаваць!