“Нявіннасць мусульман” у Беларусі не забароняць, але і не пакажуць
Беларускія мусульмане патрабуюць заблакаваць сайты са скандальным фільмам, а пракатчыкі кажуць, што кіно не прывязуць, бо няма ў каго купіць.
Нагадаем, што фільм “Нявіннасць мусульман” расказвае пра жыццё прарока Мухамеда ў ганебнай для вернікаў форме.
Імам Духоўнага ўпраўлення мусульман Беларусі Бекір Мурзіч глыбока абражаны фільмам:
“Такія фільмы нельга здымаць, і людзі (рэжысёры – заўвага Еўрарадыё) правакуюць мусульман, каб выклікаць іх агрэсію і абвінаваціць іх у дрэнных учынках. Не ўсе учынкі мусульман я адабраю. Тое, што яны забілі пасла, гэта вельмі дрэнна. Але тое, што знялі рэжысёры фільма — подла”.
У шэрагу краін карціна, дзе прарок Мухамед паказаны як ідыёт і гей, забароненая.
У мінскім “Кінавідэапракаце” сумняваюцца, што фільм, з-за якога забілі людзей, увогуле трапіць да беларускага гледача:
“У расійскіх праваўладальнікаў, якія пастаўляюць нам фільмы, гэтай карціны няма — ні на гэты, ні на наступныя два гады. Верагоднасць, што карціна трапіць да нас — малая”.
Старшыня Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці Мінкульта Ніна Фральцова адзначае, што фільм “Нявіннасць мусульман” — гэта не іх сфера.
“Гэта “Нянавісць мусульман” да нашай камісіі не мае ніякага дачынення, бо яна не ўтрымлівае парнаграфію і жорсткасць! Гэта не кампетэнцыя нашай камісіі. Камісія праводзіць экспертызу толькі па парнаграфіі і сцэнах гвалту. Пытанні этнічныя — не да нас. Мы ж не цэнзура!”, — выказваецца Ніна Фральцова.
Цяжка зразумець логіку камісіі, які фільм будзе забаронены, а які — не. Бо літаральна гэтая ж камісія забараніла да прагляду фільм “Дыктатар”. У камедыі гаворка ідзе пра арабскіх уладароў. Але фільм патрапіў у спіс не рэкамендуемых да прагляду, чытай забароненых у Беларусі.
Няхай верагоднасць, што стужка з’явіцца ў пракаце і малая, затое колькасць праглядаў фільма ў інтэрнэце дасягае некалькіх тысяч.
І з гэтым фактам Мінкульт нічога зрабіць не можа.
“Усе, што датычыцца інтэрнэта, вы правільна сказалі, мы тут бяззбройныя. Гэтым павіны займацца спецыяльныя органы. А мы займаемся толькі пракатам”.
Пракуратура пра фільм таксама ведае і трымае сітуацыю пад кантролем:
“Ніхто нават не звяртаўся па гэтым пытанні. У нас краіна спакойная, забараняць пакуль патрэбы няма. Але калі з’явіцца — у нас ёсць сродкі, каб фільм забараніць”.
Адзіныя, хто адрэагаваў на фільм — Духоўнае упраўленне мусульман, якіх абразіў змест карціны.
“Мы адправілі ліст ў Дзяржкамітэт па справах рэлігіі з просьбай, заблакаваць сайты на тэрыторыі Беларусі, дзе ёсць гэты фільм”.
Канчатковы адказ на ліст у камітэце пакуль не даюць, але заўважаюць, што наўрад ці будуць прымацца радыкальныя меры па забароне стужкі ў Беларусі.