ДАІ: Фотарадары знізілі колькасць парушэнняў удвая

У канцы кастрычніка на мінскай кальцавой з’явіліся фотарадары. Збіраюцца размясціць іх і на праспекце Незалежнасці. У інтэрв’ю газеце “Рэспубліка” даішнікі хваляцца, што камеры знізілі колькасць парушэнняў у два разы.

Кіроўца Сяргей, які ў сярэднім двойчы на месяц ездзіць па шашы Мінск-Брэст,  дзе камеры стаяць ужо 4 месяцы, расказвае Еўрарадыё, што беларусаў сярод парушальнікаў на гэтай трасе мала. У асноўным, парушыць хуткасць любяць госці з Расіі.

121101_pilecki_radary.mp3

“Не сказаў бы, што беларусы так моцна лёталі. Звычайна расіяне на вялікай хуткасці ездзяць. А беларусы… Там жа хуткасць дазволеная — 120 кіламетраў за гадзіну. Шалёных гоншчыкаў я мала сустракаў”.

Цікава, што акурат замежнікаў фотарадары і не штрафуюць. Сістэма пакуль не ў стане гэта зрабіць — у базах няма замежных і транзітных аўтамабільных нумароў. ДАІ плануе паставіць на мяжы адмысловыя тэрміналы, дзе замежнікі будуць плаціць штрафы. Калі не заплацяць, то пазбавяцца правоў, альбо атрымаюць абмежаванне на ўезд у Беларусь.

Сяргей таксама расказвае, што пасля з’яўлення камер колькасць патрулёў ДАІ на трасе не зменшылася. Як стаялі, так і стаяць.

“Патрулі заўважаю. І не сказаў бы, што іх менш, альбо больш. Тут — без зменаў”.

Кіроўца распавядае, што пасля выстаўлення камер на брэсцкай трасе нейкіх кардынальных зменаў не заўважыў. Гаворыць, што яны дысцыплінуюць. І хай бы сабе былі. Наракае толькі, што пры камерах не заўсёды ёсць папераджальныя шыльды.

“Не заўважна, каб нешта змянілася. Адно што, вельмі хацелася б, каб перад камерамі стаялі знакі “Радарны кантроль хуткасці”. Як гэта ва ўсім свеце робіцца. А то ў нас тут на брэсцкай трасе то ёсць гэтыя знакі перад камерамі, то няма”.

На аўтамабільных форумах ужо можна сустрэць парады, як схаваць свой нумар ад камеры. І адмысловыя плёнкі прапаноўваюць, і рамкі для нумароў з выпраменьваннем нябачных хваляў, якія не дазваляюць факусавацца датчыкам. Аднак пасля правядзення эксперыментаў на палігоне высветлілася, што ўсё гэта марна. Камеры (французскай, дарэчы, вытворчасці) парушэнні хуткасці надзейна фіксуюць.

“Не сказаў бы, што беларусы так моцна лёталі. Звычайна расіяне на вялікай хуткасці ездзяць. А беларусы… Там жа хуткасць дазволеная — 120 кіламетраў за гадзіну. Шалёных гоншчыкаў я мала сустракаў”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі