ДАІ зладзіла ў Гомелі шакуючую выставу (фота)
На плошчу Паўстання прывезлі разбітыя ўшчэнт аўтамабілі. Выставу так і назвалі — “шокатэрапія”.
Такім чынам ДАІ хацела наглядна паказаць, што бывае з парушальнікамі правіл дарожнага руху ды іх жалезнымі коньмі. Плошча Паўстання знаходзіцца ў цэнтры горада і паўз яе праходзіць шмат людзей. Таму патэнцыйных наведнікаў “шокатэрапіі” было шмат.
Ля кожнай выстаўленай машыны вісела кароткая гісторыя ДТЗ, у якім пабывала аўто. Гэта, напэўна, павінна было ўразіць гамяльчан яшчэ болей.
З пачатку года ў Гомелі зафіксавалі 344 дарожных здарэння, у выніку якіх 81 чалавек загінуў і 377 атрымалі раненні, піша “Вечерний Гомель”.