Дэпутат: Антыкрызісны закон?! Дзе вы такое чулі?

Напрыканцы мінулага тыдня дэпутаты выклікалі “на кавёр” прадстаўнікоў урада і запатрабавалі адказу на балючыя пытанні. Тыя ў адказ запэўнівалі, што робяць усё магчымае. У той жа час, самі дэпутаты ніякай дапамогі ўраду не прапанавалі.


Еўрарадыё пацікавілася ў сябра камісіі па грашова-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў Тамары Клябан, чаму б дэпутатам не прапанаваць штосьці накшталт “антыкрызіснага закона”. З канкрэтнымі прапановамі па надзённых пытаннях.


Тамара Клябан: “Антыкрызісны закон?! Дзе вы такое чулі, у якой дзяржаве? Я першы раз такі выраз сустракаю! Павінны вырашаць сённяшнія праблемы ўрад, Нацыянальны банк. Найперш гэта – іх задача. Мы не можам падмяняць іх функцыі! Падмяняць функцыі міністэрстваў, ведамстваў, мне падаецца, некарэктна было б з боку парламентарыяў”.


Праўда, прызналася, што паміж сабой сябры камісіі абмяркоўваюць сітуацыю, якая склалася ў краіне. І дадала, што зараз разглядаюць праекты законаў, якія непасрэдна тычацца эканамічнай стабілізацыі.


Тамара Клябан: “Мы, вядома, гэтую сітуацыю абмяркоўваем (фінансавыя і эканамічныя праблемы – Еўрарадыё). У працы некалькі заканадаўчых актаў, праектаў законаў. Дакладней – рыхтуюцца праекты законаў. І па рынку каштоўных папер – гэта вельмі актуальна. І па страхаванні, і “Банкаўскі кодэкс”. Вось такія пытанні зараз у нас”.


Дэпутат кажа, што калі падчас сустрэч з выбаршчыкамі чуе цікавыя ідэі і трапныя прапановы па выпраўленні сітуацыі, то перадае іх “па інстанцыі”. Адно, нічога з апошняга і сапраўды карыснага, што “падкінула” Мяснікову ці Пракаповічу, не прыгадала.


Сябру пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Валянціну Лузіну пытанне наконт “антыкрызісных ініцыятыў” народных абраннікаў прывяло ў разгубленасць. Кажа, нічога не чула, каб нехта з яе калег нешта на заканадаўчым узроўні прапанаваў.


Валянціна Лузіна: “Я, уласна, пра гэта не чула. Пакуль што. Таму, што ў кожнай камісіі зараз інтэнсіўная праца ідзе. Ды і шмат пытанняў у акругах узнікае. Таму... Хаця я і разумею, што пытанні эканамічнага развіцця павінны кожнага з нас турбаваць”.


Сайт Палаты прадстаўнікоў інфармуе, што на 30 чэрвеня прызначана іх сумеснае пасяджэнне з сябрамі Савета Рэспублікі. Будуць зноў задаваць прадстаўнікам урада надзённыя пытанні. Сайт нічога не паведамляе пра тое, ці запланавалі дэпутаты да таго часу распрацаваць нейкія свае прапановы. А пытанні міністрам могуць задаваць і журналісты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі