Дэпутаты яшчэ не бачылі праекта закона “Аб амністыі”

120502 Luka6uk Amnistyja.mp3

Верагодна, да Дня Незалежнасці на волю па амністыі выйдзе некалькі тысяч чалавек. Такую заяву днямі зрабіў кіраўнік краіны. Але як паведамілі Еўрарадыё, у Камісію па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў на разгляд праект закона "Аб амністыі” яшчэ не прыходзіў.

Палата прадстаўнікоў: “Пакуль што і блізка мы яго не бачылі і не чулі. Мы чакаем, канешне, але пакуль што яго няма”.

Веснавая сесія дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў працягнецца да 30 чэрвеня. І як паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе беларускага парламента, дата апошняга пасяджэння да гэтага часу не прызначаная. Такім чынам, і парламентарыі, і сенатары маюць магчымасць паспець ухваліць праект закона “Аб амністыі” да 3 ліпеня, сцвярджае праваабаронца Гары Паганяйла.

Гары Паганяйла: “Тое, што яго да гэтага часу няма ў выглядзе праекта ў Палаце прадстаўнікоў... Гэта ў нас хутка робіцца: прэзідэнт дашле яго туды, укажа, што гэты законапраект павінен прайсці па хуткай працэдуры, і цягам аднаго тыдня ён будзе праведзены праз усе слуханні і ў Палаце прадстаўнікоў, і ў Савеце Рэспублікі. І ён хуценька яго падпіша”.

А вось прагназаваць, хто з палітзняволеных мае шанец па гэтай летняй амністыі выйсці на волю, праваабаронца асцерагаецца. Згодна з яго назіраннямі, кожны новы закон “Аб амністыі” нечым адрозніваецца ад папярэдніх: як тым, на асуджаных па якіх артыкулах ён не распаўсюджваецца, гэтак і тым, для якіх асуджаных робяцца выключэнні.

Гары Паганяйла: “Цяжка сказаць, што ў дадзеным выпадку заканадаўца ўкажа ў гэтым акце. Былі розныя варыянты раней. Да прыкладу, указвалася, што амністыя не тычыцца тых, хто не сплаціў запазычанасць па прысудзе суда. Альбо — не стаў на шлях выпраўлення, ёсць і такая характарыстыка. Гэты тыя, хто быў пакараны ў дысцыплінарным парадку, але да каго прымянялі ШЫЗА. А такія сярод нашых сядзельцаў ёсць, і яны не могуць быць амніставаныя. Альбо могуць быць указаныя тыя злачынствы, на якія не распаўсюджваецца амністыя. У прыватнасці, за арганізацыю масавых беспарадкаў у адносінах да асуджаных за масавыя беспарадкі”.

А гэта азначае, што ў экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча, які асуджаны за “масавыя беспарадкі” і да гэтага часу “не стаў на шлях выпраўлення”, шанцаў на амністыю мала. Тое ж тычыцца і частага наведвальніка ШЫЗА Змітра Дашкевіча.

Мала шанцаў на амністыю і ў Алеся Беляцкага, якому, як нечакана высветлілася, неабходна дадаткова сплаціць дзяржаве "пеню" ў суме 140 266 151 рубель і дзяржаўнае мыта 7 013 307 рублёў. І гэта ў дадатак да тых амаль 758 мільёнаў рублёў, якія праваабаронцу прысудзілі першапачаткова і што ўжо сплачаныя.

У любым выпадку, упэўнены Гары Паганяйла, хто выйдзе на волю альбо каму палегчаць рэжым адбыцця пакарання, залежыць ад таго, як будуць прапісаныя нормы закона “Аб амністыі”. Але не выключае і таго, што асобныя нормы закона будуць сфармуляваныя такім чынам, што канкрэтны чалавек, які фармальная мог разлічваць на амністыю, пад яе ў выніку не патрапіць.

Фота: flickr.com soffu 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі