Для фінала Еўрафэста Гюнэш Абасава зменіць песню?

120110 Malina Eutafest.mp3

Як даведалася Еўрарадыё, не ўсе выканаўцы будуць спяваць тую песню, з якой яны прайшлі ў фінал. Гюнэш Абасава, напрыклад, выбірае... з трох.

"У нас ёсць тры песні, з якіх мы мусім выбраць за літаральна бліжэйшыя два дні, - прызнаецца Гюнэш. - На ўсе тры цікавыя нумары, якую абярэм і будзем потым прасоўваць. Але прадзюсар кажа, што лепш паглядзець, якая песня найбольш удалая для фіналу”.

Пры гэтым Гюнэш не выключае, што паўфінальная "And morning will come" можа застацца. А вось яскравых шоў спявачка рабіць не плануе, “бо яны могуць адцягнуць увагу ад самой песні”.

"Зараз самае галоўнае - падрыхтоўка фіналістаў да выступу ў фінале, - распавядае куратар "Еўрафэсту" Аляксандр Ціхановіч. – Задзейнічалі спецыялістаў з Масквы: рэжысёр-пастаноўшчык, харэограф... Кожны рыхтуе нейкую "разыначку" для свайго нумару".

Відаць, разынкай фінальнага выступу Вікторыі Алешка стануць акрабатычныя нумары для... бэк-вакалістаў.

"Калі пісалі песню, вельмі доўга шукалі такі матэрыял, які непадобны на іншых, - распавядае прадзюсар спявачкі Яўген Алейнік. - У пастаноўцы вырашылі пайсці паводле таго ж прынцыпу. Сам твор прадугледжвае нейкую казачную, касмічную, фэнтэзійную дзею. Будуць ставіць акрабатычныя нумары для... бэк-вакалістаў. Ну, а Віка выйдзе ў макіяжы, з прычоскай, карацей, гэта будзе нешта экстраардынарнае".

Гурт Litesound сумняваўся ў паўфінальнай песні, збіраўся нават праслухаць варыянты, што прапанавалі на замену. Пераканаў хлопцаў пераможца "Еўрабачання-2009" Аляксандр Рыбак, ён адзначыў кампазіцыю гурта, як найбольш падыходзячую да еўрапейскага конкурсу.


“Нам рэжысёры чамусьці абралі спартовую тэматыку, гоначную, - кажа лідар гурта Зміцер Каракін. - Мы адразу ж пагадзіліся, бо песня падыходзіць. Хоць першапачаткова яна была не пра спорт. Але тут гэта будзе дарэчы".


Спявак Uzari пакуль сам не ведае, што будзе рабіць ў фінале, бо “ідэі застаюцца ідэямі, і пакуль іх не паспрабуеш на сцэне, нічога не зразумееш”.

Ну, а пяты фіналіст Алёна Ланская зараз не ў краіне.

Фінал "Еўрафэсту" пройдзе 31 студзеня ў Палацы спорту. Абяруць прадстаўніка на Еўрабачанні-2012 у Баку тэлегледачы і сябры журы адбору.

Фота: serge.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі