Дзмітры Канавалаў пазнаў сябе на здымках з камераў мінскага метро
Пра гэта сведчыць пратакол аднаго з допытаў, які сёння абвяшчаюць у судзе.
Нагадаем, што ў мінскім Доме правасуддзя працягваецца суд па выбуху ў метро 11 красавіка. Асноўны абвінавачаны Дзмітры Канавалаў адмаўляецца даваць паказанні, таму на працэсе зачытваюцца пратаколы следства.
Следчыя паказвалі Канавалаву розныя кадры з камер відэаназірання, на якіх ён пазнаваў сябе. На некаторых быў і Кавалёў. Апошнія здымкі датуюцца 10 красавіка. На кадрах зафіксавана, як Канавалаў і Кавалёў ехалі ў метро з вакзала. Яны везлі з сабой сумку з выбуховым прыстасаваннем, інфармуе БЕЛТА.
Таксама на здымках зафіксаваны шлях Канавалава 11 красавіка да месца выбуху з той жа сумкай. Ён апазнаў сябе і на здымках камер, усталяваных на вуліцы каля ўваходаў на станцыі "Кастрычніцкая" і "Купалаўская". Гэтыя здымкі былі зробленыя 11 красавіка пасля выбуху. Канавалаў растлумачыў, што выйшаў тады з мятро і пешшу дайшоў да арандаванай кватэры.