Дзяржава прадае народнае дабро, але народ яго набыць не можа

130131_lukashuk_akcyi.mp3

Старшыня Дзяржкаммаёмасці Георгій Кузняцоў прапануе выставіць на продаж так званыя мінарытарныя пакеты акцый "Беларуськалія" і "Нафтана". Можа, пайсці і прыкупіць пару-тройку акцый, невялікі кавалак народнай маёмасці?


“Хоць гэта і акцыянерныя таварыствы, на гэты момант іх акцыі на 100% належаць дзяржаве і на свабодным рынку іх няма”, — расчароўвае афіцыйны партнёр “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.


Калі дойдзе да продажу часткі акцый, то размова будзе ісці аб адзіным пакеце з 10% па кошце не ніжэй за 3 мільярды долараў. Добра, кінем усенародны покліч у сацыяльных сетках: хай скінуцца грамадзяне краіны па колькі долараў — і набудзе гэты пакет беларускі народ. Каб не дасталася наша “фамільнае срэбра” якім-небудзь расіянам ці кітайцам з індусамі.


Вадзім Іосуб: “У нас унутры краіны не прадугледжаны продаж хоць нечага, і акцый у тым ліку, грамадзянам за валюту. А прадаваць за рублі сэнсу няма, бо сэнс гэтага продажу — прыцягненне новай валюты”.


Дый 3 мільярды долараў, паводле падлікаў эксперта, — гэта прыблізна траціна ўсіх валютных запасаў фізічных асоб Беларусі. І сабраць столькі грошай нават тэарэтычна будзе вялікай праблемай.


Добра. Але ж ёсць іншыя прывабныя для патэнцыйнага пакупніка акцый прадпрыемствы. Хаця б тыя ж МАЗ з БелАЗам. Возьмем іх акцыі ды будзем жыць на дывідэнды!


“Пайсці і купіць нейкую акцыю немагчыма! — адразу ж абломвае Іосуб. — Для гэтага вам неабходна асабіста ведаць чалавека ці кампанію, у якіх гэтая акцыя ёсць і якія згодныя іх прадаць, дамовіцца з ім аб продажы і кошце, а потым ісці ў спецыяльную кампанію, якая называецца “Прафесійны ўдзельнік рынку каштоўных папер”, і рэгістраваць там гэтую здзелку. Працэс вельмі працаёмкі, бюракратызаваны...”


Як жа так — мы не можам набыць тое, што, як неаднаразова даказваў кіраўнік краіны, усім нам і належыць?! А дабро гэта не вельмі і народнае, агаломшвае суразмоўца Еўрарадыё.


Вадзім Іосуб: “Зараз гэта называецца не “народная ўласнасць”, зараз гэта называецца “дзяржаўная ўласнасць”. Ніхто не кажа, што гэта належыць народу — гэта належыць дзяржаве. І, напэўна, чыста юрыдычна гэта крыху розныя рэчы”.


Насамрэч не ўсё так дрэнна, супакойваюць карэспандэнта Еўрарадыё спецыялісты адной са сталічных кампаній, што займаецца каштоўным паперамі. І прапаноўваюць набыць акцыі “Камунаркі” па 5 мільёнаў рублёў за штуку. Праўда, шчыра папярэджваюць:


“На дадзеным этапе спадзявацца зарабіць праблематычна. Акцыі, прынамсі тыя, якія прадаюцца, не з’яўляюцца ў дастатковай ступені ліквіднымі — прадаць будзе вельмі складана. А тым больш — прадаць з выгадай”.


Летась на біржавыя таргі выставілі акцыі 2323 адкрытых акцыянерных таварыстваў. Але пакупнікоў зацікавілі акцыі ўсяго 356 з іх.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі