Дзяўчына з шведскага самалёта: Мы ляталі над Беларуссю паўтары гадзіны
Пілоты самалёта, які дэсантаваў мядзведзяў над Мінскам, не мелі нават парашутаў.
Шведка Ханна распавядае Еўрарадыё, як яны рыхтавалася да “бамбардзіроўкі” цацкамі, і тлумачыць, як самалёт змог пераляцець мяжу незаўважаным.
Еўрарадыё: Чаму вырашылі праляцець на самалёце і высадзіць такі дэсант з плюшавых мядзведзяў?
Ханна: “Моладзевы рух "Гавары праўду" зрабіў акцыю, калі цацкі пратэставалі супраць рэжыму. Мы таксама гэтым хацелі прыцягнуць увагу. Мы ведаем, што апазіцыя штодзень рызыкуе сабой, можа быць збітай".
Еўрарадыё: Ці адмыслова планавалі вылет на 4 ліпеня?
Ханна: 4 ліпеня не было запланаванай датай, але калі зразумелі, што гатовыя, то узгадалі, што за дзень да гэтага быў Дзень Незалежнасці і мы ведалі пра яго, таму выкарысталі гэты шанец.
Еўрарадыё: Ці баяліся ляцець у чужой паветранай прасторы? Ці быў нейкі план, калі вас заўважаць?
Ханна: Так, мы вельмі баяліся, мы рэальна дапускалі, што можам патрапіць у турму за гэта. Але нам пашанцавала. Калі ляцелі над Беларуссю вельмі баяліся, але ніякага плану на выпадак збіцця сродкамі паветранай абароны не было. І нават не мелі парашутаў.
Еўрарадыё: Ці доўга рыхтаваліся да гэтага палёту?
Ханна: Мы рыхтаваліся да гэтага цэлы год: бралі лётныя урокі. Нас было 2 чалавекі на борце, абодва з лётнымі сертыфікатамі, якія атрымоўвалі спецыяльна для гэтага.
Еўрарадыё: Міністэрства абароны абвяргае інфармацыю, што нейкі самалёт незаўважна трапіў у беларускую паветраную прастору. Але Ханна кажа, што яны не проста змаглі гэта зрабіць, але яшчэ павольна цягнуліся над Беларуссю паўтары гадзіны!
Ханна: Мы ляцелі на вельмі маленькім самалёце. У яго толькі адзін матор. Таму ён ляціць вельмі павольна. Хуткасць каля 180 кіламетраў за гадзіну. Мы былі ў беларускай паветранай прасторы 1 гадзіну 20 хвілін.
Еўрарадыё: Чаму высадка "дэсанта" адбылася на ўскрайку Мінска?
Ханна: Мы даляцелі блізка да нейкай вайсковай базы, як нам падалося, калі падляталі да Мінска. Таму мы разнерваваліся і не паляцелі далей у горад, толькі па ўскраінах. У нашых планах не было ляцець далей за Мінск, таму мы развярнуліся. А перад гэтым мы праляталі малую вёску Івянец, і мы даведаліся, што там знаходзіцца вайсковая паветраная база. Раней мы не ведалі, што яна там.
Еўрарадыё: Чаму вы звярнулі ўвагу менавіта на Беларусь?
Ханна: Я была ў Беларусі 2 разы, а іншы чалавек 1 раз. Мы вельмі занепакоеныя свабодай слова. Мы лічым што Беларусь частка Еўропы і яна даволі зачыненая краіна.
Еўрарадыё: Ці баіцеся цяпер наступстваў?
Ханна: Так, мы баімся. Але мы верым у тое, што гэта важна быць сумленным і казаць што ты думаеш. Я веру ў тое, што дэмакратычныя краіны мусяць не ігнараваць, калі ў такіх краінах як Беларусь, ты не можаш нешта сказаць.
Нагадаем, 4 ліпеня сайт The Local паведаміў пра тое, што шведскі самалёт нібыта незаўважаным пераляцеў беларуска-літоўскую мяжу і раскідаў над Мінскам плюшавых медзведзянят з лозунгам у падтрымку свабоды слова. Пазней стала вядома, што гэта піяр-акцыя агенцтва Studio Total, якое раней ужо заплямілася ў розыгрышах. Мэта акцыі – прыцягнуць увагу да прававых праблем у Беларусі.
Мінабароны катэгарычна абвергла інфармацыю пра тое, што самалёт мог незаўважаным лятаць па тэрыторыі нашай краіны. Відэа, па словах ваенных, зроблена з грубым мантажом. У літоўскім аэрапорце, з якога нібыта вылятаў шведскі самалёт, распавялі Tut.by, што ніякіх самалётаў у бок Беларусі не вылятала.
Аднак шведы па-ранейшаму сцвярджаюць, што ім удалося перасекчы мяжу і раскідаць медзведзянят у Івянцы і ўскраінах Мінска. У пацвярджэнне сваіх слоў, яны выкладаюць усё новыя фота і відэа. Як разглядзела Еўрарадыё, згодна з відэа, самалёт праляцеў над Малінаўкай і Сухарава. Гэта вуліцы Ясеніна, Рафіева, Громава, Любімава, Гарэцкага і вылецеў з Мінска у раёне скрыжавання МКАД і Шаранговіча.