Эколаг: Бакланы не шкодзяць рыбгасам, бо ядуць хворую рыбу
У Беларусі толькі ў адным рыбгасе штогод забіваюць каля 30 бакланаў, а за кожную птушку паляўнічы атрымоўвае 45 тысяч.
“Бакланы налятаюць вялікімі зграямі: па 200-300 асобін. Вядзем адстрэл, адпужваем адмысловымі гарматамі. Прыходзяць паляўнічыя. Мы плацім за забойства баклана, за шэрую чаплю. 45 тысяч за баклана і 20 тысяч за шэрую чаплю”, – расказваюць у рыбгасе “Сакалова”.
Як даведалася Еўрарадыё, штогод тут адстрэльваюць 30-40 бакланаў і столькі ж чапляў, каб не перашкаджалі разводзіць рыбу. Закон дазваляе!
У Беларусі ў рэспубліканскай уласнасці 19 рыбгасаў. Відаць, бакланаў адстрэльваюць паўсюль.
Паводле эколагаў, бакланы не шкодзяць рыбе, бо ядуць хворую, якая плавае каля паверхні.
“Гэта санітары нашых вадаёмаў, яны глыбока не ныраюць, не ловяць малькоў. Бо хворая рыба звычайна ўсплывае на паверхню. І гэту рыбу трэба ці то адмыслова утылізаваць, ці то баклан яе з’есць. А яго знішчэнне – гэта проста неадукаваны падыход”, – кажа расійскі эколаг Раман Пукалаў і параўноўвае знішчэнне бакланаў з паляваннем на вераб’ёў у Кітаі часоў Мао Цзэдуна.
На расійскім возеры “Байкал” у сярэдзіне 1970-х таксама знішчалі бакланаў. Але гэта своечасова спынілі навукоўцы з Акадэміі навук. І нават цяпер гэтых птушак там няшмат.
“Цяпер колькасць папуляцыі бакланаў расце. Але гэта год, раней яго наогул не было. Цяпер яго мала, не мае сэнсу скарачаць папуляцыю. Але, каб цяпер на Байкале скарачалі папуляцыю бакланаў – не чуў”, – расказвае арнітолаг Байкальскага заказніка Юрый Анісімаў.
“Першае з’яўленне баклана ў Беларусі было навіной. Ён з’явіўся гадоў 20 таму. Яго колькасць цяпер каля 2,5 тысяч. Гэта рыбаядная птушка. З гэтай праблемай сутыкаюцца людзі, якія займаюцца рыбаводствам”, – расказвае дырэктар грамадскага таварыства “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Віктар Фянчук.
У Беларусі пры гэтым яшчэ не прыняты закон, які б забараняў жорсткае абыходжанне з жывёламі. Хаця ў Еўропе такі закон ёсць.
“У Еўропе ў дачыненні да любых відаў закон не дазваляе жорсткага абыходжання. Альбо выкарыстанне метадаў барацьбы, якія вядуць да пакутаў жывёл. У нашай краіне такі закон быў распрацаваны, але яго ніяк не могуць прыняць”, – расказвае Віктар Фянчук.
Нагадаем, 16 чэрвеня на адным з вадаёмаў Чашніцкага раёна арнітолагі знайшлі дзясяткі птушанят бакланаў з адрэзанымі дзюбамі. Птушаняты былі жывыя. Варвары хацелі падзарабіць – здаць дзюбы за грошы, пакуль бакланы яшчэ не навучыліся лятаць.
Цяпер птушак прызналі нежыццяздольнымі. Дзесяць з іх ужо усыпілі, а злачынцаў, якія адрэзалі бакланам дзюбы шукае міліцыя.
Фота: s.imhonet.ru