Варыянт жылля за 2,1 мільёна долараў у Мінску — нічога звышрэальнага
“Вы тут не за кватэру плаціце, а за месца!” — заяўляе рыэлтар Лера, якая паказвае мне нават не кватэру, а цэлы дом за 2,1 мільёна долараў у Мінску.
Еўрарадыё знайшло эксклюзіўны варыянт жылля ў Мінску.
Паводле легенды я шукаю дом для супер-багатага дзядзькі з Масквы. Яму патрэбны дарагі, элітны дом у Мінску. Пасля нядоўгіх бадзянняў па сайтах знаходжу дом за 2 мільёны 100 тысяч долараў.
Дом размяшчаецца ў цэнтры побач са станцыяй метро "Плошча Перамогі". Вокны ў вокны з першай гарадской рэзідэнцыяй прэзідэнта.
Прыехаўшы трохі раней за рыэлтара, аглядаю дом: будынак высокі, двухпавярховы, маляўнічы плюшч па сцяне, алея дрэў перад домам.
Па суседстве, як потым расказвае рыэлтар, такі ж самы дом ужо прадалі нейкаму амерыканцу Эндзі. Дом амерыканца ва ўсю рэканструюецца — засталася толькі каробка.
Згодна са словамі гаспадыні “майго” дома, “там будуюць нешта вельмі шыкоўнае”.
“Будзе асобная кацельня, падстанцыя ці яшчэ што. Грандыёзныя планы — яны нават з ЖЭСам ніякіх дамоваў не заключалі і ад ЖЭСу не залежаць”, — кажа гаспадыня дома за два мільёны.
У рэкламе агенцтва ўказвалася, што на двары ёсць гараж. Але самога гаража я не знайшла.
“Пачалі будаваць, але грошай не хапіла. Тут ніхто не скрадзе нічога. Тут пасольствы, рэзідэнцыя, вельмі спакойнае месца і ахова, самі ведаеце якая…. На двары Mercedes стаіць — мы нават не зачыняем яго. Адзінае што — раз на год, раз на месяц перакрываюць дарогу, бо рэзідэнцыя прэзідэнта, а так…”, — распавядае гаспадыня пра станоўчыя моманты суседства з прэзідэнцкай хатай.
Пытаюся, ці дарэчны торг.
“Ну, калі гаварыць пра два мільёны, тады падумаем. Але прыязджалі расіяне і прапаноўвалі цану ў 1 мільён 800 тысяч долараў — мы не пагадзіліся”, — агучваюць жаданне гаспадары дома.
Прычына, з якой дом прадаецца, тыпова чалавечая — быт заеў:
“Мы не можам ужо разам жыць, вырашылі раз’ехацца”, — распавядае гаспадыня. Яе сям’я жыве тут з сярэдзіны мінулага стагоддзя.
Нарэшце мы ў доме. Ад элітнага катэджу за больш як два мільёны долараў я, напраўду, чакала мінімум саўны, разумнага святла ці яшчэ якіх наваротаў, не кажучы пра цёплую падлогу і аўтаматычную сістэму вентыляцыі дома. Але… губазакатачныя машынкі, кажуць, ёсць у свабодным продажы… Самае шыкоўнае ў доме — невялікая тэраса і ванная з цёплай падлогай.
“Рабілі ўсё пад сябе, медныя трубы, гарантыя 50 гадоў”, — паказвае гаспадыня дома.
Астатні будынак аказаўся куды больш празаічным. Звычайная тыповая беларуская кватэра — доўгі калідор, не вельмі вялікія пакоі, даволі цёмна.
З плюсаў — таўшчэзныя цагляныя сцены, участак з запушчаным садам, вялікія пакоі і высокая столь — пад тры з паловай метры.
Мінусы — дом патрабуе немаленькіх грашовых укладанняў і нават капітальнага рамонту.
Да прыкладу, другі паверх трэба рамантаваць цалкам. Бо тыповая савецкая лесвіца наверх ніяк не адпавядае азначэнню “элітная кватэра”.
“Ну, вашаму дзядзьку, калі ў яго ёсць грошы!… Вы плаціце не за дом, вы плаціце за месца!” — асаджвае мяне рыэлтар.
І гэта пры тым, што ёсць ужо гатовыя кватэры за 400 тысяч долараў у некалькі ўзроўняў і з асобным уваходам.