Эксперт: “Беларусы ніколі не знішчаюць зло ўласнымі рукамі”
Спецыяліст па міжкультурнай камунікацыі Алена Коршук па просьбе Еўрарадыё разбірае дыпламатычную вайну Беларусі з Еўропай на прыкладзе мандарынаў з кірмаша.
На думку дацэнта Алены Коршук, якая выкладае ў БДУ курс па міжкультурнай камунікацыі, знешнія праявы канфлікту, што мы назіраем зараз, ніякага значэння не маюць.
Алена Коршук: “Так, адклікаюць амбасадараў. Але гэта звычайная працэдура. Так вядзецца размова на дыпламатычнай мове”.
А калі зняць з дыпламатычнай вайны пратакольнае шалупінне, канфлікт можна разабраць на вельмі простым прыкладзе.
Палітыка і гнілыя мандарыны
Кірмаш. Гандляр просіць за мандарыны 10 рублёў, хаця гатовы прадаць іх за 8. Мы прапануем 5 рублёў, хаця ў душы згодныя заплаціць 8 рублёў 20 капеек.
Алена Коршук: “Прамежак паміж 5 і 10 рублямі — перамоўны. Можна сітуацыю ўспрыняць як канфлікт, і першае выйсце, якое бачыць з яго беларус, — абурыцца і сысці. Прычым назаўжды. Але рэзкія рухі нам не ўласцівыя, таму такі варыянт не падабаецца і не падыходзіць. Мы не тая нацыя, якая сыдзе з перамоваў, бразнуўшы дзвярыма”.
З іншага боку, таксама беларусам не ўласціва... таргавацца.
Алена Коршук: “Беларус моцны іншым. Яму ўласціва прыстасоўвацца. У нашым выпадку ён скажа нешта накшталт “Вось глядзіце, тут у вас мандарын збоку крыху падгніў, давайце я яго вазьму за 5 рублёў”.
Эмоцыі і яйцы
13 снежня Аляксандр Лукашэнка ў размове з “Рускай службай навінаў” сцвярджае, што ў еўрапейскіх палітыкаў няма яец. Ці прыгадвалі еўрапейскія міністры замежных спраў гэтае выказванне, калі вырашалі адклікаць з Беларусі ўсіх амбасадараў ЕС? На думку Алены Коршук, нават у XXI стагоддзі эмоцыі і вялікая палітыка існуюць паасобку, што б ні казалі прэзідэнты ў сваіх інтэрв’ю.
А вось сітуацыю, якая склалася пасля выказвання прэзідэнта, культуролаг лічыць для Беларусі нетыповай:
Алена Коршук: “Псіхалагічна мы можам на крыўду адрэагаваць на нізкім узроўні. Выпусціць пару і задаволіць сябе — гэта, безумоўна, неабходна. Але мы ніколі не пойдзем са сваімі эмоцыямі на BBC ці ў Guardian. Беларус выкажацца ў мясцовай прэсе і будзе спадзявацца, што інфармацыя разыйдзецца па свеце, і ўсе зразумеюць, што супраць нас адбылася несправядлівасць”.
Тая ж мадэль паводзінаў дзейнічае і калі мы апыняемся сам-насам з неабходнасцю змагання са злом і несправядлівасцю:
Алена Коршук: “Я згадаю цяпер Юлію Чарняўскую, якая ў сваім даследаванні “Беларусы. Ад “тутэйшых” да нацыі” прааналізавала тысячу беларускіх казак. Беларусы ніколі не знішчаюць зло ўласнымі рукамі. Яно нейкім чынам рассмоктваецца само”.
Перамовы і пасярэднікі
Як ні дзіўна, з беларусаў маглі б атрымацца добрыя пасярэднікі. Гэта ў нас у крыві, сцвярджае Алена Коршук:
“Беларуская культура калектыўная і высокакантэкстная. Калі мы глядзім некуды ў бок і кажам, быццам бы самі сабе: “Нешта тут душнавата…” — а нехта ўжо бяжыць адчыняць акно. Мы пралічваем кантэксты. Гэта называецца “А што ты хацеў сказаць заўтра?”.
Пры гэтым знайсці пасярэдніка, які ўзяўся б за вырашэнне сённяшняга канфлікта беларусаў з еўрапейцамі, амаль немагчыма:
Алена Коршук: “Мы б яго, безумоўна, прынялі. Але знайсці незаангажаваны бок у гэтым канфлікце няпроста”.
Кропка невяртання
На думку Алены Коршук, кропка невяртання ў дыпламатычнай вайне Беларусі і Еўропы толькі адна — вайна рэальная. Усе астатнія сітуацыі вырашаюцца перамовамі:
Алена Коршук: “Трэба з стандартнай структуры выйсці, знайсці іншы варыянт. У прынцыпе, беларусы гэтым і моцныя. Да нас не заўсёды даходзіць, што кошт мандарынаў можна падняць да 8 рублёў. Але заўсёды ёсць іншае выйсце. Мы паспрабуем набыць за тую ж цану горшанькі прадукт. А можам набыць 100 кг па тым жа кошце і, задаволеныя, пайсці дадому разам з гандляром. Можам заключыць дамову на сталую працу. Гэта тое, што па-ангельску называецца think out of the box. Вось сёння ў межах дыпламатычных правілаў і трэба знайсці выйсце са скрынкі — out of the box”.
Але магчымасці Беларусі думаць іншым чынам шмат што абмяжоўвае, — дадае культуролаг. Сёння гэта найперш дыпламатычны пратакол.
Даведка Еўрарадыё:
Алена Коршук працуе ў БДУ з 1982 года. Сфера навуковых інтарэсаў: міжкультурная камунікацыя, псіхалінгвістыка, культура Беларусі. Надрукавала больш за 100 навуковых працаў. З 2001 года ўдзельнічае ў Праграме Балтыйскага ўніверсітэта. У 2003 годзе Алена Коршук — сярод арганізатараў секцыі сусветнай канферэнцыі UNESCO па міжкультурных стасунках.
Суразмоўца Еўрарадыё падкрэслівае, што яе разважанні датычацца выключна тэорыі міжкультурнай камунікацыі і не нясуць ніякай эмацыйна-ацэначнай нагрузкі.
Фота: nnm.ru.