Эксперты: Санкцыі супраць Беларусі патрэбныя ЕС, а не беларусам

“Гэта не бізнэсмены, гэта не бізнэс. Прыбыткі, якія яны атрымоўваюць, гэта не прыбытак у эканамічным сэнсе. Гэта рэнтавы прыбытак, які здабываецца дзякуючы сувязям з уладамі і дзякуючы таму, што ўлады здольныя на іх карысць выдзяляць абмежаваны рэсурс. У прыватнасці  — у выглядзе ліцэнзій на гандаль тымі ж нафтапрадуктамі”, — гаворыць эканаміст Сяргей Чалы пра пашырэнне санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да афіцыйнага Мінска.


Ён лічыць, што калі ЕС насамрэч будзе выконваць тое, аб чым гаворыць, то жыццё беларускіх бізнэсоўцаў, набліжаных да ўладаў, ускладніцца. Прыйдзецца шукаць новыя шляхі для вядзення бізнэсу — напрыклад, на Усходзе. Лідар Руху “За Свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч таксама гаворыць пра бізнесменаў. На яго думку, санкцыі наблізяць Мінск і Маскву. А ЕС яны патрэбныя, каб захаваць маральнае аблічча.

120323 Pilecki Sankcyi.mp3
“Калі лічыць, што гэтыя людзі, бізнэсоўцы, прыйдуць да Лукашэнкі і скажуць, што ён ідзе няправільным шляхам, што трэба еўрапеізавацца — то гэта слушныя санкцыі. Але ўсе ведаюць, што такога не будзе. Я за візавыя санкцыі. Маральная ацэнка павінна быць. Інакш Еўрасаюз будзе цынічным, калі не будзе рэагаваць”.


“Я, натуральна, станоўча да іх стаўлюся. Таму што ранейшыя захады, ранейшыя санкцыі не прывялі да вызвалення нікога з палітвязняў. І таму калі такая мэта стаіць, то трэба санкцыі ўзмацняць”, — расказвае Еўрарадыё Віктар Івашкевіч. На яго думку, на беларускія ўлады трэба ціснуць яшчэ мацней.
А вось палітолаг Дзяніс Мельянцоў лічыць, што санкцыі ЕС толькі зашкодзяць. І апазіцыі, і палітвязням. Апошніх будуць трымаць, каб “захаваць аблічча”.


“Вось гэтыя санкцыі ніякім чынам не паспрыяюць вызваленню палітзняволеных. Хутчэй наадварот. Зараз будуць іх трымаць, каб паказаць, што беларускае кіраўніцтва не спужалася і не ідзе на рэалізацыю патрабаванняў Еўрапейскага саюза”


Рэдактар часопіса “Беларуская думка” Вадзім Гігін пашырэннем санкцый… узрадаваны. “Я казаў, што ўзрадаваны тым, што такая пазіцыя Еўрасаюза прыводзіць да больш шчыльнай інтэграцыі. Дакладней — рэінтэграцыі на постсавецкай прасторы. Нашы гістарычна і культурна блізкія народы, асабліва рускі і беларускі народы, якія фактычна з’ўляюцца адным народам. Яны (санкцыі — Еўрарадыё) значна паскорылі працэс гэтай інтэграцыі”.


Такім чынам, большасць экспертаў пагаджаецца з тым, што пашырэнне санкцый ЕС у дачыненні да афіцыйнага Мінска толькі штурхае Беларусь ва ўсходнім кірунку. І невядома, як гэтыя захады паўплываюць на лёс палітвязняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі