Электронныя версіі падручнікаў: за адзінаццаты клас толькі 4 прадметы

130117_martin_ridery.mp3

Міністэрства адукацыі выклала электронныя версіі падручнікаў для школьнікаў на сваім сайце. Правяраем: за адзінаццаты клас толькі чатыры прадметы: два падручнікі па хіміі, два па інфарматыцы, два па дапрызыўнай падрыхтоўцы і адзін па іспанскай мове.

За шосты клас наогул толькі фізіка, іспанская мова і працоўнае навучанне.

“Выклалі тыя падручнікі, на якія атрымалі аўтарскія дазволы і маёмаснае права выдавецтваў, якія зрабілі макеты. У ходзе паступленне новых дазволаў аўтараў і падрыхтоўкі PDF-версій падручнікі будуць з’яўляцца”, — абяцаюць у Нацыянальным інстытуце адукацыі.

Пакуль электронныя версіі, якіх не хапае, можна атрымаць толькі тым, каму па здароўі нельга цягаць цяжары. Папярэдне напісаўшы заяву з абяцаннем, што капіраваць падручнікі не будуць.

У 53 сталічнай школе ўжо засвоілі працу на рыдарах, бо быў дэфіцыт падручнікаў:

“Калі была праблема з друкаванымі падручнікамі, мы працавалі з электроннымі версіямі. Мы гатовыя да такога варыянту, няма праблемы, галоўнае, каб дзецям было зручна”, — даводзяць у школе.

У 215 мінскай школе таксама за рыдары, але для ўсіх вучняў. Бо калі будзе толькі ў аднаго… скрадуць.

“Было б добра, але ў нашых дзяцей няма планшэтаў, усё ўпіраецца ў тэхнічныя сродкі навучання. Усе 20 чалавек не хочуць насіць падручнікі, а калі не носіць толькі адзін, то астатнія будуць ціснуць на бацькоў, а яны будуць скардзіцца. А калі б гэта было цэнтралізавана, то ўсё б было добра”, — тлумачаць у школе.

Пераможца конкурсу “Настаўнік года -2011” Інэса Зубрыліна была б рада бачыць вучняў з рыдарамі на ўроку. Бо заплечнік сапраўды цяжкі, пагаджаецца настаўніца.

Інэса Зубрыліна: "Калі ўсё ў адным планшэце, то не будзе ніякага скаліёзу і нагрузак. Гэта зручна, бо ёсць магчымасць выхаду ў інтэрнэт. Але выкарыстанне іх мусіць быць дазіраванае, каб не сапсаваць вочы. Таму на 100% гэта кнігі не заменіць”.

А ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры гігіены хвалююцца за здароўе вучняў: 

“Расійскія навукоўцы і замежныя навукоўцы ставяцца негатыўна да выкарыстання рыдараў у сістэме адукацыі. Гэта звязана з асаблівасцямі асвятлення экрана і нязручнай позай вучня. І рэкамендуюць выкарыстоўваць ці то на камп’ютарных сістэмах, ці то на партатыўных камп’ютарах”.

І дадаюць, што пры хуткім развіцці тэхнікі яшчэ няма паўнавартаснай ацэнкі ўплыву рыдараў на вучняў.

Дарэчы, набор падручнікаў цяпер каштуе ад 14 да 52 тысяч рублёў за год. Электронную версію на сайце мінадукацыі можна пампаваць бясплатна.

фота: mediazavod.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі