“Ён тлумачыў, што з жалю адрэзаў дзюбы, каб бакланы жыць маглі”
Еўрарадыё адшукала хлопца, якога вінавацяць у скалечанні бакланаў. Верагодны зламыснік працуе ў тым самым рыбгасе, каля якога знайшлі птушак.
Хлопец, якога вінавацяць ў скалечанні дзясятка птушанят бакланаў цяпер чакае суда. Яму каля 30 гадоў, вясковец, працуе ў Навалукомльскім рыбгасе ўжо 3 гады.
Менавіта ля гэтага рыбгаса ў чэрвені арнітолагі знайшлі дзясяткі птушанят бакланаў з адрэзанымі дзюбамі.
“Ён міліцыі патлумачыў, што нібыта з жалю адрэзаў дзюбы, каб яны жыць маглі. Не стаў забіваць. Натуральна, гэта дурасць. Калі б трэба было забіць, дык забіў бы. Зразумела, ён у нас болей працаваць не будзе”, – расказваюць Еўрарадыё ў адміністрацыі ПМК, дзе хлопец пакуль яшчэ працуе.
Верагодны зламыснік не здымае трубку і адмаўляецца кантактаваць з журналістамі. Напэўна, няма чаго сказаць.
А калегі з рыбгаса ў вінаватасць свайго супрацоўніка не вераць. Чакаюць пакуль суд дакажа, што гэта ён парэзаў птушак. Але, як толькі чуюць прозвішча, адразу прыгадваюць… бакланаў.
“Ён нармальны чалавек, выканаўчы… А вы пра бакланаў пытаецеся?” – адразу ўзгадваюць пакалечаных птушанят…
“А чаго вы пра яго пытаецеся? Гэта яшчэ не даказана. Ніхто яшчэ нікога не абвінаваціў у гэтым”, – бароняць калегу ў рыбгасе.
Пракуратура ўжо перадала справу ў Лукомльскі сельсавет, а тыя – у суд. Як даведалася Еўрарадыё, паперы там атрымалі, але пасяджэнне яшчэ не прызначылі.
Крымінальную справу заводзіць не сталі, бо бакланы… не паляўнічы від птушак. А той, хто адрэзаў дзюбы птушкам адкруціцца адміністрацыйным пакараннем: штрафам ад 1 да 3 мільёнаў рублёў, альбо суткамі, расказвае пракурор Чашніцкага раёна Яўген Бадзянкоў:
“У дадзеным выпадку гаворка не вялася аб здабычы. Здабыча, якая кваліфікуецца Крымінальным кодэксам, мусіць тычыцца паляўнічых відаў жывёл”.
У Крымінальным кодэксе Беларусі няма артыкула, па якім можна пакараць за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Толькі ў адміністрацыйным.
Відаць, хлопец збіраўся падзарабіць на бакланах. Бо рыбгасы плацяць за знішчэнне гэтых птушак: па 45 тысяч за лапку.
Кожны год толькі ў адным рыбгасе Беларусі забіваюць да 30 бакланаў. А колькасць гэтых птушак у Беларусі эколагі ацэньваюць у 2,5 тысяч асобін.
Фота: svaboda.org