ЕС прапануе Беларусі 9 мільярдаў долараў за дэмакратычныя змены
Афіцыйны Мінск, які праігнараваў Саміт Усходняга партнёрства, атрымаў узамен адмысловую дэкларацыю па Беларусі.
Кіраўніцтва ЕС і лідары краінаў-удзельніцаў зноў выставілі беларускім уладам умовы па паляпшэнні сітуацыі з дэмакратыяй. Праўда, краіны-удзельніцы Усходняга партнёрства да гэтай дэкларацыі так і не далучыліся, верагодна перадусім, з-за супраціву Грузіі ды Украіны. Старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу дыпламатычна абышоў гэты момант.
Жазэ Мануэль Барозу: “Гэта праўда, што мы хацелі ўключыць беларускае пытанне ў агульную дэкларацыю, але з-за пэўных прычынаў гэта не атрымалася. Але краіны-сябры ЕС і еўрапейскія інстытуцыі зрабілі заяву, якая адлюстроўвае нашую агульную пазіцыю. Магчыма нашыя погляды на метады адрозніваюцца, але мэта адна — дэмакратычная і вольная Беларусь, якая моцна зінтэграваная з партнёрамі па рэгіёне і з Еўрапейскім саюзам”.
Нягледзячы на сваю адсутнасць на мерапрыемстве беларускія ўлады атрымалі ад ЕС “моркаўку” – магчымасць атрымаць гранты і крэдыты на суму 9 мільярдаў долараў. Але ўсё гэта толькі ў тым выпадку, калі афіцыйны Мінск стане на шлях выпраўлення. Новы мадэрнізацыйны план польскі прэм’ер назваў першым нерадыкальным у гісторыі адносінаў Беларусі і ЕС.
Дональд Туск: “Першы раз Еўрасаюз салідарна і цвёрда абумоўлівае дапамогу для Беларусі рэальнымі зменамі і гэта не радыкальныя змены. Гэта змены, якія для кожнага еўрапейца проста мінімум, без выканання якога няма аб чым нават размаўляць. У супрацы з беларускай грамадзянскай супольнасцю мы выпрацавалі тактыку паводзінаў, якая не з’яўляецца ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Беларусі, а ўяўляе сабой празрыстае пасланне”.
Змены, якіх на гэты раз ЕС патрабуе ад беларускіх уладаў, - гэта правядзенне дэмакратычных выбараў у парламент, вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў ды дыялог з апазіцыяй. Гэта праграма-мінімум, таксама падкрэсліў старшыня Еўрапейскага савета Херман ван Рампей.
Херман ван Рампей: “Мы не можам зноў супрацоўнічаць з Беларуссю ў поўным аб’ёме без яскравага прагрэсу на шляху да дэмакратыі і захоўвання правоў чалавека. Я падкрэсліваў гэтыя ўмовы, калі мы разам з Дональдам Тускам у Варшаве сустракаліся з беларускай апазіцыяй. І Еўрасаюз таксама даслаў моцны мэсэдж з гэтага Саміта і ў Мінск”.
Па словах Дональда Туска, пакет мадэрнізацыйных зменаў для Беларусі распрацоўвалі эксперты з ЕС і прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці.
Дональд Туск: “Мы разлічваем на тое, што магчымым будуць гранты і крэдыты міжнародных інстытутаў, у тым ліку МВФ і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, нават да 9 мільярдаў долараў, інвестыцыйныя заахвочванні і механізмы стабілізацыі беларускай валюты, якія маглі б выкарыстаць існуючыя інструменты, па мільярдзе долараў кожны.У гэтым пакеце таксама ёсць візавыя спрашчэнні”.
Вядома, беларускае пытанне было не адзінай тэмай, якую абмяркоўвалі на Саміце Усходняга партнёрства ў Варшаве. Удзельнікі Саміту сярод іншага прынялі “дарожную мапу” дзеянняў на бліжэйшыя 2 гады і вырашылі заснаваць у польскай сталіцы Акадэмію публічнай адміністрацыі Усходняга партнёрства.
Ніякіх размоваў пра магчымае ўступленне кагосьці з краінаў-удзельніц Усходняга партнёрства ў ЕС не вялося. Затое Украіна атрымала зялёнае святло на шляху заканчэння перамоваў па дамове аб асацыяцыі яшчэ сёлета, а Грузіі ды Малдове ў бліжэйшы час паабяцалі распачаць перамовы па стварэнні зоны вольнага гандлю з Еўрасаюзам.